Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

ПАПЛАЎСКІ Георгій Георгіевіч

Георгій Георгіевіч Паплаўскі (15.02.1931 – 29.10.2017), графік, жывапісец. Нарадзіўся ў г. Роўна, Украіна. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1995). Акадэмік Акадэміі мастацтваў СССР( 1991), Расійскай акадэміі Мастацтваў (1991). Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1977). Народны мастак Беларусі (1997).

Працаваў ў розных тэхніках станковай і кніжнай графікі, станковага жывапісу. Найбольш значныя графічныя цыклы: "Памяць" (1968), "Браслаўшчына – край азёрны" (1971-1998), "Камандзіры" (1973), "Азёрны край" (1975), "Мора Берынга" (1979), "Час доўгіх нажоў" (1982), "Ільны Браслаўшчыны" (1982), "Чарнобыль. Дрэвы без лісця " (1987). Работы ў кніжнай графіцы: афармленне твораў Я. Купалы, Я. Коласа, А. Куляшова, у. Караткевіча, В. Быкава, А. Адамовіча, класікаў сусветнай літаратуры. Сярод жывапісных работ: "Сыны-партызаны" (1969), "Браслаўскія калгасніцы" (1970), "Блакада" (1976), "Чарот" (1977). Работы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах Беларускага саюза мастакоў і Міністэрства культуры Расіі, Музеі выяўленчых мастацтваў ім. А.С. Пушкіна ў Маскве, Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу, Смітсанаўскім цэнтры ў г. Вашынгтон (ЗША), выставачным аб'яднанні "Цэнтральны Дом мастака".

Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 2002 г. за серыю акварэляў "Браслаўскі альбом" і цыкл графічных работ па матывах творчых паездак па Інданезіі і Кубе, выкананых у 1997–2001 гг. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970 г. за мастацкую распрацоўку нацыянальнай беларускай тэматыкі ў галіне станковай і кніжнай графікі і серыю "Памяць". Дыплом "Найпрыгажэйшая кніга свету" на конкурсе ў Лейпцыгу (1968) за афармленне кнігі "Новая зямля" Я. Коласа. Міжнародная прэмія імя Дж.Неру 1974 г. за станковыя лісты "Індыйскі дзённік" і афармленне кнігі старажытнаіндыйскіх прыпавесцяў "Тіракурал". Сярэбраны медаль Акадэміі мастацтваў СССР за ілюстрацыі да кнігі Якуба Коласа "Выбранае" (1984). Прэмія Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва(2011).

Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў (1986), залатымі медалямі імя М. Грэкава за распрацоўку ваенна-патрыятычнай тэмы (1990), імя Ю. Гагарына за цыкл "Высокае неба" (1971–1980), прысвечаны асваенню космасу (1988), імя Пушкіна за ўклад у развіццё культуры XX ст. (2000), дыпломам і медалём Ф. Скарыны Рэспубліканскага конкурсу за лепшыя выданні (1969, 1981, 1984).

Асноўныя працы:

  1. Пікулік А.М. Георгій Георгіевіч Паплаўскі (Да 70-годдзя з дня нараджэння) // Весцi НАН Беларусі. Серыя гуманіт. навук. 2001. №1.
  2. Жук В.І. Георгій Георгіевіч Паплаўскі (Да 75-годдзя з дня нараджэння) // Весцi НАН Беларусі. Серыя гуманіт. навук. 2006. №1.
  3. Пiкулiк А.М. Георгiй Георгiевiч Паплаўскi (Да 80-годдзя з дня нараджэння) // Весцi НАН Беларусі. Серыя гуманіт. навук. 2011. №1.
  4. Громыко А. Народному художнику Беларуси, академику Георгию Поплавскому исполняется 85 лет