Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

РУБАНАЎ Аляксандр Сяргеевіч

Аляксандр Сяргеевіч Рубанаў (12.09.1936, г. Слуцк, Мінскай вобл. – 23.07.2003), фізік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1996; чл.-кар. з 1989), доктар фізіка-матэматычных навук (1976), прафесар (1981). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1999).

Даследаванні ў галіне оптыкі і лазернай фізікі. Распрацаваў фізічныя асновы дынамічнай галаграфіі і оптыкі фазавага спалучэння. Выявіў новую з'яву – зварот хвалевага фронту святла пры чатыроххвалевым узаемадзеянні. Распрацаваў эфектыўныя метады пераўтварэння прасторавай структуры лазерных пучкоў, апрацоўкі аптычнай інфармацыі, вызначэння ўласцівасцяў рэчыва, збуджэння гіпергука. Даследаваў оптаэлектронныя дыфракцыйныя структуры для кіравання параметрамі светлавых пучкоў. Распрацаваў метады разліку цеплавога рэжыму і тэрмааптычных скажэнняў актыўных элементаў, метады кіравання часовымі і палярызацыйнымі характарыстыкамі генерацыі. Разлічыў інфрачырвонае свячэнне паветра пры ўваходжанні галаўных частак ракет у шчыльныя пласты атмасферы.

Аўтар больш за 300 навуковых прац, у т.л. 2 манаграфій, 35 вынаходстваў і патэнтаў.

Дзяржаўная прэмія БССР 1976 г. за распрацоўку метадаў разліку энергетычных і часовых характарыстык цвёрдацельных аптычных квантавых генератараў. Дзяржаўная прэмія СССР 1982 г. за цыкл работ "Фізічныя асновы дынамічнай галаграфіі і новыя метады пераўтварэння прасторавай структуры светлавых пучкоў".

Узнагароджаны медалямі.

Асноўныя працы:

  1. Методы расчета оптических квантовых генераторов. Мн., 1968 (в соавт.).
  2. Тепловой режим твердотельных оптических квантовых генераторов. М., 1973 (совм. с Б.Р. Белостоцким).
  3. Некоторые вопросы динамической голографии // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980.
  4. Dynamic holograms and phase conjugation in multilevel resonant media // Optics and Laser Technology. 1996. Vol.28, №4.