Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

САМСОНАЎ Уладзімір Паўлавіч

Уладзімір Паўлавіч Самсонаў (10.05.1928 - 25.09.2017), нарадзіўся ў с. Ерахтур, Разанскай вобл., Расія. Вучоны ў галіне раслінаводства. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003). Замежны член Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук( 1991), акадэмік Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь (1992-2002), доктар сельскагаспадарчых навук (1998), прафесар (1998). Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР (1978).

Навуковыя працы ў галіне аграбіялогіі збожжавых каласавых культур, іх насенняводства, фізіялогіі. Даследаваў дынаміку сінтэзу арганічнага рэчыва ў залежнасці ад уплыву біятычных і абіятычных умоў, характарыстыкі узаемасувязяў і ўплыву асобных элементаў структуры ўраджаю на прадуктыўнасць расліны і агроценоза пры розных глебавых умовах. Вызначыў асноўныя напрамкі інтэнсіфікацыі вытворчасці збожжа і прапанаваў вытворчасці інтэнсіўную тэхналогію вырошчвання збожжавых каласавых культур. Вывучыў уплыў экалагічных фактараў на насенную прадуктыўнасць збожжавых культур з мэтай выяўлення найбольш спрыяльных зон насенняводства. Распрацаваў сістэму прамысловага насенняводства, якая адказвае біялагічным, арганізацыйным і эканамічным патрабаванням насеннай справы.

Аўтар больш за 240 навуковых прац, у т. л. манаграфіі і 4 вынаходстваў.

Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 1998 г. за працу "Стварэнне сістэмы гатункаў азімай пшаніцы (Triticum aestivum L.) і тэхналогіі вытворчасці збожжа харчовага прызначэння".

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1956, 1971), "Знак Пашаны" (1966), Кастрычніцкай рэвалюцыі (1973).

Асноўныя працы:

  1. Повышение эффективности травяных культур. Мн., 1973 (совместно с Е.Кивейша).
  2. Научные основы интенсивных технологий возделывания зерновых в БССР. Вильнюс, 1987.
  3. Научная концепция возделывания зерновых колосовых культур в БССР. Мн., 1988.
  4. Асновы аграноміі. Мн.: Ураджай, 1999 (у сааўт.).
  5. Лен Беларуси. Мн., 2003 (в соавт.).