Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

САВІЦКІ Міхаіл Андрэевіч

Міхаіл Андрэевіч Савіцкі (18.02.1922, в. Звянячы, Талачынскага р-на, Віцебскай вобл. – 08.11.2010), жывапісец. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1995). Акадэмік Акадэміі мастацтваў СССР (1983), Расійскай акадэміі Мастацтваў (1991). Герой Беларусі (2006). Народны мастак СССР (1978), народны мастак БССР (1972). Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1970). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, вязень канцлагераў Бухенвальд, Дахау, Дора. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1975 – 1990.

Творчасць адрозніваецца глыбокім пранікненнем у сутнасць з'яў мінулага і сучаснага, філасофскім іх асэнсаваннем, сцвярджэннем вечных духоўных каштоўнасцей чалавецтва. Аўтар шырока вядомых жывапісных твораў, прысвечаных гераічнай партызанскай барацьбе супраць гітлераўскіх захопнікаў: "Партызаны" (1963),"Партызанская мадонна" і "Віцебскія вароты" (абедзве 1967), "Поле" і "Плач па загінуўшых героях" (абедзве 1974) і інш., а таксама цыкла з 16 карцін "Лічбы на сэрцы" (1974-80) і трыпціха "Агрэсія" (1984), прасякнутых антыфашысцкім пафасам і публіцыстычнасцю. Шмат карцін прысвечана тэме гісторыі станаўлення беларускай нацыянальнай культуры: "Сейбіты" (1972), "Віленскія сустрэчы" (1976); цыкл палотнаў для Музея Я. Купалы ў Мінску, хрысціянскай тэматыкі і інш. Серыя "Чорная быль" адлюстравала трагедыю беларускага народа ў сувязі з Чарнобыльскай катастрофай. Маштабнасць і сімвалічнасць мастацкай мовы характэрныя для работ у манументальным мастацтве: роспісы "Вялікая Айчынная вайна. 1944" у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску (1971) і "Эстафета пакаленняў" у санаторыі "Беларусь" у Місхоры (Украіна, 1973), габелены для залы пасяджэнняў ЦК КПБ (цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 1978 – 1979, тры апошнія ў суаўтарстве з А. Кішчанкам).

Дзяржаўныя прэміі Беларусі 1970, 1980, 1996 гг., Дзяржаўная прэмія СССР 1973 г., Міжнародная прэмія фонду Святога Ўсёхвальнага апостала Андрэя Першазванага за 1999 г.

Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1982), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1972), Айчыннай вайны II ступені (1985), "Знак Пашаны" (1967), Францыска Скарыны (1997). Ганаровы грамадзянін горада Мінска (2001).

Асноўныя працы:

  1. Савицкий Михаил Андреевич. Большая Cоветская энциклопедия.
  2. Назiмава I.В. Міхаіл Андрэевіч Савіцкі: (Нар.мастак БССР). Мн.: Беларусь, 1973.
  3. Пугачева Э.Н. Михаил Савицкий: [Альбом]. Мн.: Беларусь, 1982.
  4. Savitsky, Mikhail Andreyevich, from Oxford Grove Art. 2002.
  5. Сульянов А.К. Моя обязанность - создавать время: Беседы с Мастером. Мн.: УП "Технопринт", 2003.
  6. Лазука Б.А. Міхаіл Андрэевіч Савіцкі (Да 85-годдзя з дня нараджэння) // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 2007. № 1.
  7. Жук В.І. Міхаіл Андрэевіч Савіцкі (Да 90-годдзя з дня нараджэння) // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 2012. № 1.