Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

СЕВЕРНЕЎ Міхаіл Максімавіч

Міхаіл Максімавіч Севернеў (21.11.1921, в. Поўнач, Бялыніцкага р-на, Магілёўскай вобл. – 04.04.2012), вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі, дзяржаўны дзеяч. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003), акадэмік УАСГНІЛ (1978), Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук (1991), Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь( 1992-2002), доктар тэхнічных навук (1964), прафесар (1969). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху ў Беларусі.

Навуковыя працы ў галіне надзейнасці і даўгавечнасці сельскагаспадарчых машын, энергазберажэння ў сельскай гаспадарцы. Унёс уклад у распрацоўку земляробчай тэхнікі, тэорыі трэння і зношвання машын і механізмаў, іх працаздольнасці і даўгавечнасці. Развіў тэорыю энергетычнай ацэнкі машын і тэхналогій сельскагаспадарчай вытворчасці. Прапанаваў метады і сродкі тэхнічнага абслугоўвання сельскагаспадарчай тэхнікі, рэсурсазберажэння, выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі ў вытворчых працэсах і прапанаваў новыя геліасістэмы для падагрэву паветра і вады.

Аўтар больш за 480 навуковых прац, у тым ліку 11 манаграфій, 40 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў на вынаходствы.

Дзяржаўная прэмія Беларускай ССР 1978 г. за распрацоўку тэхналогіі і жняяркі для ўборкі палеглых збожжавых.

Узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі (1971), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1973, 1978), Чырвонай Зоркі (1944), Айчыннай вайны II ступені (1985), "Знак Пашаны" (1966), медалём Францыска Скарыны (2002), іншымі медалямі.

Асноўныя працы:

  1. Износ деталей сельскохозяйственных машин. Л.: ЛСХИ, 1972 (в соавт.).
  2. Опыт и проблемы аграрно-промышленного кооперирования. М.: Экономика, 1975 (в соавт.).
  3. Механическое обезвоживание и термическая сушка высоковлажных кормов. М.: Колос, 1980 (в соавт.).
  4. Работоспособность и сохранность сельскохозяйственной техники. Мн.: Ураджай, 1980 (в соавт.).
  5. Энергосберегающие технологии в сельскохозяйственном производстве. М.: Колос, 1992.