Сяргей Мікалаевіч Вышалескі (01.11.1874, г.п. Обаль, Шумілінскага р-на, Віцебскай вобл. – 14.01.1958), эпізаатолаг. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1928), прафесар (1924), ганаровы член УАСГНІЛ (1956). Заслужаны дзеяч навукі СССР (1940).
Распрацаваў метады барацьбы з сібірскай язвай, чумой і рожай свіней, сухотамі, бруцэлёзам, запаленнем лёгкіх буйной рагатай жывёлы, калібацылезам і паратыфам цялятаў, сапам коней. Выявіў узбуджальніка інфекцыйнага энцэфаламіеліту коней. Падрыхтаваў першыя ў СССР падручнік і кіраўніцтва па эпізааталогіі.
Апублікаваў каля 100 навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфіі.
Дзяржаўная прэмія СССР 1941 г. за падручнік "Прыватная эпізааталогія".
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, "Знак Пашаны", медалямі. У 1974 г. УАСГНІЛ заснавала залаты медаль ім. С.М. Вышалескага за выдатныя работы ў галіне агульнай і прыватнай эпізааталогіі. Імя С.М. Вышалескага прысвоена Інстытуту эксперыментальнай ветэрынарыі НАН Беларусі.