Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

НАЗАРБАЕЎ Нурсултан Абішэвіч

Нурсултан Абішэвіч Назарбаеў (н. 06.07.1940, с. Ушконыр, Алмацінскай вобл., Казахстан) – дзяржаўны і грамадскі дзеяч. Замежны член НАН Беларусі (1996). Акадэмік НАН Рэспублікі Казахстан (1995), доктар эканамічных навук (1992), прафесар. Ганаровы доктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта (2000), Расійскай акадэміі дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі (2000), Пекінскага універсітэта (2002), Кіеўскага нацыянальнага універсітэта ім. Т.Р. Шаўчэнка (2010), шэрагу іншых універсітэтаў. Ганаровы прафесар Казахскага дзяржаўнага нацыянальнага ўніверсітэта ім. Аль-Фарабі (1994), Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта ім. М. В. Ламаносава (1996), Кыргызскага дзяржаўнага нацыянальнага ўніверсітэта (2001), Кембрыджскага ўніверсітэта (2004), Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (2012), шэрагу іншых універсітэтаў.

Работы прысвечаны праблемам станаўлення і ўмацавання эканамічнай незалежнасці, паглыблення эканамічных рэформаў і ўстанаўлення рынкавых адносін у Казахстане, радыкальнага пераўтварэння адносін уласнасці і захавання адзінай эканамічнай прасторы як умовы пераадолення крызісу ў эканоміцы Рэспублікі Казахстан і іншых краін СНД. Распрацаваў праблемы развіцця Казахстана як суверэннай дзяржавы, канцэпцыю сацыяльна арыентаванай рынкавай эканомікі, структурнай і інвестыцыйнай палітыкі, напрамкі і мадэлі рацыянальнага рэсурсазберажэння як асновы павышэння эканамічнага патэнцыялу Рэспублікі. Абгрунтаваў ключавыя напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў галіне паслядоўнага правядзення рэформаў ва ўсіх сферах эканамічнага, сацыяльнага і грамадскага жыцця, умацавання дзяржаўнасці Казахстана.

Міжнародная прэмія ім. Майманіда (2004, Ізраіль) за выдатны ўклад у дыялог паміж цывілізацыямі.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1972), «Знак Пашаны» (1972), святога дабравернага князя Данііла Маскоўскага I ступені (1996, Расія), князя Яраслава Мудрага I ступені (1997, Украіна), святога апостала Андрэя Першазванага (1998, Расія), «Вялікая зорка Пашаны за заслугі перад Аўстрыйскай Рэспублікай» (2000), Вітаўта Вялікага I класа (2000, Літва), Белага Арла (2002, Польшча), Пятра Вялікага I ступені (2004, Расія), Вялікага Ніла (2007, Егіпет), Свабоды (2010, Украіна), Вялікім Крыжам ордэна «За заслугі перад Італьянскай Рэспублікай» (1998), Вялікім Крыжам ордэна «Зорка Румыніі» (1999), Вялікім Крыжам ордэна Святога Міхаіла і Святога Георгія (2000, Вялікабрытанія), Вялікім Крыжам ордэна Ганаровага легіёна (2008, Францыя), Вялікім Камандорскім Крыжам Ордэна Белай Ружы (2009, Фінляндыя), Дружбы народаў (2015, Беларусь), іншымі ордэнамі і медалямі.

Асноўныя працы:

  1. Экономика Казахстана: реальность и перспектива становления. Алма-Ата, 1988.
  2. Нурсултан Назарбаев: без правых и левых. М., 1991.
  3. Стратегия развития Казахстана как суверенного государства. Алма-Ата, 1992.
  4. Стратегия ресурсосбережения и переход к рынку. М., 1992.
  5. Рынок и социально-экономическое развитие. Алма-Ата, 1994.
  6. Евразийское пространство: интеграционный потенциал и его реализация. Алма-Ата, 1994.
  7. Стратегия независимости. Алматы, 2003.