Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

ПАТОН Барыс Яўгенавіч

Барыс Яўгенавіч Патон (н. 27.11.1918, г. Кіеў, Украіна) – вучоны ў галіне электразваркі, спецыяльнай электраметалургіі і матэрыялазнаўства. Замежны член НАН Беларусі (1995). Акадэмік НАН Украіны (1958; чл.-кар. з 1951), АН СССР (1962; чл.-кар. з 1958), Расійскай АН( 1991), замежны член Шведскай Каралеўскай акадэміі інжынерных навук (1986), Балгарскай (1969) і ЧэхаСлавацкай АН (1973), акадэмій навук ГДР (1980), Казахстана (1995), Грузіі (1996), Таджыкістана (2001), Азербайджана (2002), доктар тэхнічных навук (1952), прафесар (1953). Ганаровы член НАН Арменіі (1994), Індыйскай НАН (1994). Ганаровы доктар шэрагу ўніверсітэтаў. Двойчы Герой Сацыялістычнай Працы (1969, 1978). Герой Украіны (1998). Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Украіны (1968). Ганаровы грамадзянін г. Кіева (1982).

Навуковыя працы ў галіне металургіі, тэхналогіі і зваркі металаў. Распрацаваў тэорыю і стварыў тэхналогіі прынцыпова новых спосабаў зваркі, у тым ліку: тэхналогіі электрашлакавай зваркі таўстасценных вырабаў, зваркі пад флюс, імпульсна-дугавой зваркі ў ахоўных газах, электронна-прамянёвай зваркі і кантактнай зваркі аплаўленнем. Распрацаваў не маючую аналагаў высокапрадукцыйную тэхніку для зваркі труб магістральных трубаправодаў, тэарэтычна абгрунтаваў і асвоіў вытворчасць шматслойных труб высокага ціску. Стварыў спецыяльную электраметалургію для рафінавання і павышэння уласцівасцяў сталей і спецыялізаваных сплаваў. З'яўляецца заснавальнікам новага кірунку навукі – касмічныя тэхналогіі і касмічная вытворчасць. Распрацаваў тэарэтычныя і практычныя праблемы касмічнай зваркі, якія ўключаюць стварэнне апаратуры і правядзенне ўнікальных тэхналагічных эксперыментаў па зварцы, рэзанні, пайцы і нанясенні пакрыццяў у космасе, збудаванне буйнагабарытных касмічных канструкцый.

Галоўны рэдактар часопісаў «Веснік НАН Украіны», «Аўтаматычная зварка», «Касмічная навука і тэхналогія», «Навука і інавацыі», «Сучасная электраметалургія», «Тэхнічная дыягностыка і неразбураючы кантроль».

Аўтар больш за 2000 навуковых прац, у тым ліку 20 манаграфій, больш за 720 вынаходак.

Дзяржаўная прэмія СССР (1950) за распрацоўку тэарэтычных і практычных асноў касмічнай зваркі. Ленінская прэмія (1957) за распрацоўку тэхналогіі электрапарашковай зваркі. Дзяржаўная прэмія Украіны (2004) за электрычную зварку мяккіх жывых тканін. Міжнародная прэмія ім. М.М. Багалюбава (2006-2008) за выдатны ўклад у навуку і развіццё міжнароднага супрацоўніцтва. Міжнародная прэмія «Глабальная энергія» (2010, Расія) за ўклад у рашэнне навукова-тэхналагічных праблем трубаправоднага транспарту энерганосьбітаў і машынабудавання.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1943), Леніна (1967, 1969, 1975, 1978), Кастрычніцкай рэвалюцыі (1984), Дружбы народаў (1988), Францыска Скарыны (2003, Беларусь), Дружбы народаў ІІ ступені (2007, Казахстан), Дружбы народаў (2008, Беларусь), князя Яраслава Мудрага I (2008), IV (2003) і V (1997) ступеняў (Украіна), «За заслугі перад Айчынай» і (2008) і II (1998) ступеняў (Расія), Пашаны (2004, Расія), Свабоды (2012) «За заслугі» I ступені( 2013), срэбным медалём ім. А. Эйнштэйна ЮНЕСКА (1998), залатымі медалямі ім. М.В. Ламаносава АН СССР( 1980), ім. С.П. Каралева РАН (2003), ім. У.І. Вярнадскага НАН Украіны (2003), НАН Беларусі «За вялікі ўклад у развіццё навукі» (2017), іншымі медалямі.

Асноўныя працы:

  1. Электрооборудование для дуговой и шлаковой сварки. М., 1966.
  2. Электрооборудование для контактной сварки. М., 1969.
  3. Промышленные роботы для сварки. Киев, 1977.
  4. Многослойная сталь в сварных конструкциях. Киев, 1984.
  5. Наука. Техника. Прогресс. М., 1987.