Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

ЗУЁНАК Васіль Васільевіч

Васіль Васільевіч Зуёнак (н. 03.06.1935, в. Мачулішча, Крупскага р-на, Мінскай вобл.), паэт. Ганаровы член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2000). Кандыдат філалагічных навук (1973). Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1966 г.

Друкуецца з 1952 г. Выдаў зборнікі: "Крэсіва" (1966), "Крутаяр" (1969), "Сяліба" (1973; прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1974 г.), "Маўчанне травы" (1980; Дзяржаўная прэмія Беларускай ССР імя Янкі Купалы 1982 г.), "Час вяртання" (1981), "Жніўны дзень" (1985), "Вызначэнне" (1987), "Чорная лесвіца" (1992), "Пісьмы з гэтага свету" (1995) і інш. У яго лірыцы адбіліся перажыванні сучасніка нашага складанага часу, памяць вайны, узаемасувязь асобы, прыроды і грамадства, працоўная мараль і этыка сучаснага чалавека. Унёс уклад у развіццё беларускага паэтычнага эпасу, які прадстаўлены цыклам паэм пра жыццё і гераічны лёс беларускага народа:"Лукам'е" (1983),"Падарожжа вакол двара" (1992). Аўтар нарысаў, літаратурна-крытычных артыкулаў, кнігі "Лiнiя высокага напружання", якая прысвечана аналізу працэсаў у сучаснай беларускай паэзіі. Піша для дзяцей: зборнікі "Вяселы калаўрот" (1965), "Сонечная клубочак" (1972), "Будзем сілы набірацца" (1974). Перакладае на беларускую мову паэзію з рускай, украінскай, балгарскай, польскай і іншых моў.

Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1989), медалямі.

Асноўныя працы:

  1. Выбраныя творы. У 2 т. Мн.: Мастацкая літаратура, 1996-1998.
  2. Паміж небам і зямлей: літаратурна-лінгвістычныя эсэ, эцюды, падарожныя нататкі. Мн.: Беларуская навука, 2009.