Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Вучоныя Беларусі: Любоў Уладзіміраўна Хатылёва (Да юбілею)

Галоўная старонка / Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы

Вучоныя Беларусі: Любоў Уладзіміраўна Хатылёва (Да юбілею)

Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
СЕРЫЯ БІЯЛАГІЧНЫХ НАВУК

Выдавец: Выдавецкі дом Беларуская навука, Мінск, Рэспубліка Беларусь

Артыкул з нумара 1, 1998 (С. 127--129)

Часопіс

ВУЧОНЫЯ БЕЛАРУСI

Сушчэня Л.М., Лабанок А.Г., Картэль М.А.
Любоў Уладзіміраўна Хатылёва (Да юбілею)

Навуковая грамадскасць Беларусі і краін СНД адзначае юбілей вядомага вучонага ў галіне генетыкі раслін, загадчыка лабараторыі гетэрозіса і генетыкі колькасных прыкмет Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэміка НАН Беларусі, доктара біялагічных навук, прафесара, заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь Любові Уладзіміраўны Хатылёвай.

Л.У. Хатылёва нарадзілася ў Гомелі ў сям'і служачага. Сярэднюю школу закончыла ў эвакуацыі ў Куйбышаўскай вобласці, ст. Кінэль. У 1944 г. паступіла ў Кінельскі сельскагаспадарчы інстытут, з 1946 г. працягвае вучобу ў Беларусі ў Сельскагаспадарчым інстытуце (зараз Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія) у Горках Магілёўскай вобласці. Надзвычайныя здольнасці да даследчай работы, якія яна праявіла ў студэнцкія гады, паслужылі падставай для рэкамендацыі яе ў аспірантуру кафедры генетыкі Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта імя М. В. Ламаносава.

Пад кіраўніцтвам вядомага савецкага вучонага-селекцыянера акадэміка ВАСГНІЛ Б. Л. Сокалава Любоў Уладзіміраўна прайшла добрую навуковую школу, паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю, якая была прысвечана пытанням генетыкі і селекцыі кукурузы.

З 1955 г. Л.У. Хатылёва працуе ў Акадэміі навук БССР. Тут яна прайшла вялікі шлях ад малодшага навуковага супрацоўніка Інстытута біялогіі да акадэміка-сакратара Аддзялення біялагічных навук.

Галоўнай праблемай навуковых інтарэсаў Л.У. Хатылёвай становіцца праблема гетэрозісу -- адна з важнейшых біялагічных з'яў. Свае даследаванні яна прысвячае высвятленню генетычных асноў гетэрозісу, генетыцы колькасных прыкмет. Л.У. Хатылёва вывучае камбінацыйную здольнасць у раслін, распрацоўвае метады яе аналізу і метады ацэнкі зыходнага матэрыялу пры селекцыі раслін на гетэрозіс. Атрыманыя ў ходзе шматгадовых даследаванняў вынікі абагульнены ёю ў доктарскай дысертацыі "Прынцыпы і метады селекцыі на камбінацыйную здольнасць", якую яна паспяхова абараняе ў 1966 г.

У далейшым са сваімі вучнямі і супрацоўнікамі Л.У. Хатылёва ўпершыню ў нашай краіне пачынае распрацоўваць пытанні матэматычнай генетыкі, звязаныя з мадэліраваннем з'явы гетэрозісу, вывучэннем ролі асобных спадчынных фактараў, якія вызначаюць гібрыдную магутнасць раслін.

Пад яе кіраўніцтвам распрацаваны арыгінальныя матэматычныя мадэлі і схемы анализу камбінацыйнай здольнасці пры дыалельных скрыжаваннях. Рад прапанаваных мадэлей знайшоў прымяненне пры ацэнцы зыходнага матэрыялу у селекцыі гетэрозісных гібрыдаў у розных генетычных і селекцыйных цэнтрах Беларусі і СССР, з поспехам выкарыстоўваецца на розных відах сельскагаспадарчых раслін. Вынікі, атрыманыя ў дадзенай галіне даследаванняў, адлюстраваны ў апублікаваных манаграфіях "Гетэрозіс" (1961, 1983), "Селекцыя гібрыднай кукурузы" (1965), "Дыалельны аналіз" (1974). Гэтыя работы сталі важнейшымі дапаможнікамі для генетыкаў і селекцыянераў былога СССР.

Вялікую цікавасць уяўляе напрамак даследаванняў вучонага, які звязаны з актуальнай праблемай сучаснай генетыкі і тэорыі селекцыі, з праблемай уплыву асяроддзя на праяўленне гаспадарча важных колькасных прыкмет у сельскагаспадарчых раслін. Інфармацыя, атрыманая з дапамогай матэматычных метадаў па генатыпічна-асяроддзевых узаемадзеяннях, вельмі важная для надзейнай ацэнкі селекцыйнага матэрыялу і мае вялікае практычнае значэнне пры распрацоўцы эфектыўных праграм селекцыі. Па гэтаму напрамку даследаванняў ёю апублікаваны манаграфіі "Узаемадзеянне генатыпу і асяроддзя. Метады ацэнкі" (1982), "Генатып і асяроддзе ў селекцыі раслін" (1989), "Экалагічная селекцыя раслін" (1997).

Значная заслуга належыць Л.У. Хатылёвай у стварэнні мадыфікацыі метаду рэцыпрокнай рэкурэнтнай селекцыі міжлінейных гібрыдаў кукурузы і таматаў на аснове міжсартавых скрыжаванняў, які дазваляе павышаць прадукцыйнасць гібрыдаў. Вынікі гэтых даследаванняў неаднаразова прадстаўляліся на ўсесаюзных і замежных канферэнцыях і абагульнены ў манаграфіі "Перыядычны адбор у селекцыі раслін" (1976) і ў манаграфіі пад навуковай рэдакцыяй Л.У. Хатылёвай "Рэкурэнтная селекцыя" (1985).

За распрацоўку праблем гетэрозісу Любові Уладзіміраўне разам з іншымі супрацоўнікамі Інстытута генетыкі і цыталогіі ў 1984 г. прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР у галіне навукі і тэхнікі.

Важныя даследаванні праводзяцца Л.У. Хатылёвай па вывучэнню генетычных асноў зменлівасці ступені перакрыжавана- і самаапыляльнасці раслін. Веданне прыроды неаднароднасці па гэтай якасці дазваляе правільна намеціць селекцыйную стратэгію для павышэння ўраджайнасці сартоў. Па гэтай тэме ёю сумесна з супрацоўнікамі апублікавана манафафія "Полімарфізм раслін па ступені перакрыжаванаапыляльнасці" (1981).

У лабараторыі гетэрозісу і генетыкі колькасных прыкмет, якой ужо больш за 30 гадоў кіруе Л.У. Хатылёва, плённа вырашаецца праблема выкарыстання анеуплоідаў пшаніцы ў цытагенетычных і генетыка-селекцыйных даследаваннях. Рэзультаты па стварэнню і выкарыстанню серыі манасомных ліній атрымалі шырокую вядомасць як у былым СССР, так і за мяжой і апублікаваны ў манаграфіі пад навуковай рэдакцыяй Л.У. Хатылёвай "Манасомны аналіз у генетычных даследаваннях пшанщы" (1984).

Свае даследаванні Л.У. Хатылёва цесна звязвае з патрэбамі селекцыі і сельскагаспадарчай вытворчасці. Яна з'яўляецца адным з ініцыятараў правядзення генетычных даследаванняў з новай зерневай культурай трыцікале і адным з аўтараў высокапрадукцыйнага сорту гэтай культуры Няміга 2, які раяніраваны ў Кіргізіі і Таджыкістане. Пад кіраўніцтвам Л.У. Хатылёвай вядуцца даследаванні па павышэнню прадукцыйнасці такой важнай для Беларусі тэхнічнай культуры, як лён.

У апошнія гады пад кіраўніцтвам Любові Уладзіміраўны развіваецца новы перспектыўны напрамак -- выкарыстанне культуры клетак і тканак раслін у генетычных даследаваннях.

Навуковыя працы Л.У. Хатылёвай шырока вядомы як у нас у краіне, так і ў рэспубліках СНД і ў далёкім замежжы. Яна ўдзельнік многіх міжнародных з'ездаў і канферэнцый. Ёю апублікавана звыш 300 навуковых работ, у тым ліку 15 манаграфій. Л.У. Хатылёва належыць да ліку выдатных беларускіх вучоных, якія абагацілі генетычную навуку работамі сусветнага значэння. Значную ўвагу ўдзяляе Любоў Уладзіміраўна падрыхтоўцы навуковай змены, стварэнню навуковай школы. Пад яе кіраўніцтвам абаронены 41 кандыдацкая дысертацыя і тры доктарскія.

Л.У. Хатылёва -- таленавіты арганізатар навукі, здольны накіраваць намаганні вялікага калектыву на вырашэнне важных навуковых задач. Амаль 24 гады Любоў Уладзіміраўна паспяхова кіравала Інстытутам генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі. Замяніўшы на гэтай пасадзе акадэміка АН БССР і ВАСГНІЛ М. В. Турбіна, яна ўсямерна садзейнічала развіццю ў інстытуце даследаванняў у вобласці поліплаідыі, мутагенезу, нехрамасомнай спадчыннасці, папуляцыйнай генетыкі, генетычнай і клетачнай інжынерыі. Многа ўвагі яна ўдзяляла паляпшэнню структуры інстытута, павышэнню эфектыўнасці навуковых даследаванняў, іх практычнай аддачы.

Пад яе кіраўніцтвам паспяхова працуе навуковы савет "Генетычныя і фізіёлага-біяхімічныя асновы селекцыі, прадукцыйнасці і імунітэту сельска-гаспадарчых раслін". Яна з'яўляецца прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі генетыкаў і селекцыянераў краін СНД, шматгадовым прэзідэнтам Беларускага таварыства генетыкаў і селекцыянераў, членам Прэзідыума БелВАК, членам рэдкалегій шматлікіх навуковых часопісаў.

У 1992 г. Любоў Уладзіміраўна была абрана акадэмікам-сакратаром Аддзялення біялагічных навук АН Беларусі. На працягу 5 гадоў, што Л.У. Хатылёва правяла на гэтай пасадзе, яна шмат намаганняў аддала захаванню навуковага патэнцыялу беларускіх біёлагаў, далейшаму развіццю асноўных напрамкаў біялогіі, пашырэнню міжнародных навуковых сувязей інстытутаў аддзялення.

Талент вучонага і арганізатара навукі спалучаецца ў Любові Уладзіміраўны з высокімі чалавечымі якасцямі. Яна выключна добры, спагадлівы і ў той жа час прынцыповы чалавек, умее аб'яднаць вакол сябе калектыў, зацікавіць вучняў і калег па рабоце новымі праблемамі і ідэямі. Усе гэтыя каштоўныя якасці вучонага і абаяльнага чалавека здабылі Любові Уладзіміраўне глыбокую павагу і аўтарытэт не толька калектываў навуковых устаноў Аддзялення біялагічных навук, але і шырокай навуковай грамадскасці краіны.

Заслугі Л.У. Хатылёвай у развіцці навукі адзначаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі -- ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём "За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна", Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

Жадаем Любові Уладзіміраўне добрага здароў'я, далейшых творчых поспехаў у навуцы, ажыццяўлення яе надзей і задумаў.

Часопіс

Галоўная старонка / Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы / Да пачатку старонкі


Распрацавана і падтрымліваецца Мікалаем М. Касцюковічам. Апошняе абнаўленне: 9 снежня 2006 г.
Створана пры ўдзеле Ігнація І. Корсака
Капірайт © 1998-2006 Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Капірайт © 1998 Выдавецтва "Беларуская навука"