Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Вучоныя Беларусі: Андрэй Аляксандравіч Богуш (Да 75-годдзя з дня нараджэння)

Галоўная старонка / Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы

Вучоныя Беларусі: Андрэй Аляксандравіч Богуш (Да 75-годдзя з дня нараджэння)

Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
СЕРЫЯ ФІЗІКА-МАТЭМАТЫЧНЫХ НАВУК

Выдавец: Інстытут матэматыкі НАН Беларусі, Мінск, Рэспубліка Беларусь

Артыкул з нумара 3, 2000 (С. 137--138)

Часопіс

ВУЧОНЫЯ БЕЛАРУСI

Андрэй Аляксандравіч Богуш (Да 75-годдзя з дня нараджэння)

11 ліпеня споўнілася 75 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага фізіка, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара Андрэя Аляксандравіча Богуша.

Андрэй Аляксандравіч нарадзіўся на Гродзеншчыне ў мястэчку Карэлічы. Сярэднюю адукацыю атрымаў у школе рабочай моладзі, скончыўшы яе з залатым медалём. У 1947 г. паступіў на фізіка-матэматычны факультэт (аддзяленне фізікі) Беларускага дзяржаўнага універсітэта, які закончыў на выдатна ў 1952 г. Пасля гэтага працаваў выкладчыкам фізікі СШ № 8 у г. Магілёве, а з 1953 г. -- выкладчыкам кафедры фізікі Магілёўскага педагагічнага інстытута.

У 1957 г. Андрэй Аляксандравіч Богуш паступае ў аспірантуру Iнстытута фізікі АН БССР і назаўсёды звязвае свой лёс з гэтай акадэмічнай навуковай установай, дзе фарміруецца як вучоны. Тут ён праходзіць шлях ад аспіранта да доктара навук, стваральніка і загадчыка буйной лабараторыі.

У 1963 г. Андрэй Аляксандравіч паспяхова абараняе кандыдацкую дысертацыю, а ў 1974 г. -- доктарскую, якая была першай у Беларусі ў галіне фізікі элементарных часціц.

А.А. Богуш унёс значны ўклад у развіццё групавога і алгебраічнага падыходаў у тэорыі элементарных часціц. Ён распрацаваў і шырока ўкараніў агульную методыку канечных (замест бесканечна малых) пераўтварэнняў у тэорыі груп геаметрычнай і дынамічнай (калібровачнай) сіметрыі, метад абагульненых сімвалаў Кранекера і базісных элементаў матрычных алгебр. На гэтай аснове ім была развіта каварыянтная (матрычная) фармулёўка тэорыі свабодных і ўзаемадзеючых часціц з рознымі спінамі (у тым ліку калібровачных базонаў), паслядоўна ўведзена класічная (без другаснага квантавання) палявая канцэпцыя ў гэтай тэорыі, дадзена простая рабочая схема апісання працэсаў электраслабага ўзаемадзеяння. А.А. Богуш і Ф.І. Фёдараў распрацавалі эфектыўны каварыянтны падыход да непасрэднага разліку амплітуд рассейвання палярызаваных часціц (метад Богуша--Фёдарава), які працягвае развівацца і паспяхова выкарыстоўвацца пры разліках характарыстык многіх канкрэтных рэакцый з улікам палярызацыі і магчымай унутранай структуры ўзаемадзеючых часціц.

Вынікі даследаванняў А.А. Богуша адлюстраваны больш чым у 250 навуковых працах, у тым ліку ў трох манаграфіях ("Уводзіны ў тэорыю класічных палёў", напісаную разам з Л.Р.Марозам (1968), "Уводзіны ў палявую тэорыю элементарных часціц" (1981), "Уводзіны ў калібровачную палявую тэорыю электраслабых узаемадзеянняў" (1987)). Манаграфіі А.А. Богуша даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю. Яны шырока выкарыстоўваюцца ў выкладчыцкай практыцы шэрагу універсітэтаў краін СНД, а таксама маладымі навукоўцамі гэтых краін у сваіх даследаваннях. Адна з пяці папулярных кніг і брашур А.А. Богуша -- "Элементарныя часціцы" (1966), напісаная ў супрацоўніцтве з Л.Р.Марозам, перавыдадзена ў Польшчы.

Вялікая навуковая праца А.А. Богуша арганічна спалучаецца з навукова-арганізацыйнай. Ён кіруе лабараторыяй, каардынуе адзіную рэспубліканскую праграму навуковых даследаванняў у галіне фізікі элементарных часціц і фундаментальных узаемадзеянняў, прымае актыўны ўдзел у дзейнасці шэрагу навуковых саветаў.

Асабліва шмат сіл і ўвагі аддаў А.А. Богуш пытанням арганізацыі і развіцця першых у рэспубліцы эксперыментальных работ па фізіцы элементарных часціц, на сучасных паскаральніках. Яны ажыццяўляюцца супрацоўнікамі яго лабараторыі разам з вучонымі Аб'яднанага інстытута ядзерных даследаванняў у Дубне, Інстытута высокіх энергій у Серпухаве, Фізічнага інстытута імя П.М. Лебедзева і Інстутута ядзерных даследаваняў РАН у Маскве, Еўрапейскага цэнтра ядзерных даследаванняў (ЦЕРН, г. Жэнева, Швейцарыя) і іншых міжнародных навуковых арганізацый. У гэтых работах атрыманы значныя вынікі ў галіне эксперыментальнай фізікі высокіх энергій, напрыклад: устаноўлены новыя заканамернасці множнага нараджэння часціц, з рэкорднай дакладнасцю вымераны эфектыўныя сячэнні гіперзарадаваабменных рэакцый. У апошнія шэсць гадоў паспяхова развіваюцца сумесныя работы па стварэнню і натурным выпрабаванням каларыметраў для буйнешага ў свеце пратоннага паскаральніка -- Вялікага адроннага калайдара (LHC), які будуецца ў Жэневе.

Выдатны apгaнiзaтap, А.А. Богуш прымае актыўны ўдзел у правядзенні шэрагу міжнародных канферэнцый і школ па фізіцы элементарных часціц, сярод якіх вядомыя Гомельскія летнія міжнародныя школы маладых вучоных па фізіцы высокіх энергій і ядзернай фізіцы. У 1976 г. А.А.Богуш прачытаў цыкл лекцый на Міжнароднай школе па тэарэтычнай фізіцы ў Польшчы.

Многа і плённа працуе вучоны з моладдзю. Пад яго кіраўніцтвам абаронены адзінаццаць кандыдацкіх дысертацый; з яго ўдзелам падрыхтаваны чатыры дактары навук. Курсы "Класічныя палі" і "Тэорыя калібровачных палёў", якія А.А.Богуш на працягу звыш трыццаці гадоў чытаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, нязменна карысталіся значнай папулярнасцю ў студэнтаў-старшакурснікаў, што спецыялізаваліся ў галіне тэарэтычнай фізікі. Вялікі ўклад А.А. Богуша ў арганізацыю і забяспячэнне вучэбнага і навукова-даследчага працэсаў на фізічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага універсітэта (ён ажьщцяўляў шматгадовае кіраўніцтва філіялам кафедры тэарэтычнай фізікі ГДУ пры Інстытуце фізікі імя Б.І.Сцяпанава).

Андрэй Аляксандравіч уваходзіць у склад рэдкалегіі часопіса "Весці Акадэміі навук Беларусі", серыя фізіка-матэматычных навук. Шматлікія зборнікі прац супрацоўнікаў Інстытута фізікі старанна і скрупулёзна адрэдагаваны А.А. Богушам. Ён з'яўляеіща рэферэнтам міжнародных часопісаў па матэматыцы "Цэнтральблат фюр матэматык" і "Матэматыкал рэвью" (напісана звыш 250 рэфератаў).

За шматгранную, плённую навуковую і навукова-арганізацыйную працу А.А. Богуш узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1980), атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР (1988), абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларусі (1994).

Працавітасць, дысцыплінаванасць, надзейнасць, пунктуальнасць) добразычлівасць да падначаленых і наогул калег -- вось галоўныя рысы А.А. Богуша, за якія ён карыстаецца павагай у калектывах лабараторыі і інстытута, сярод шырокага кола навукоўцаў.

А.А. Богуш здзіўляе калег сваёй творчай невычарпальнасцю. У апошнія гады ім асабіста быў выканан шэраг прац у найноўшым напрамку развіцця тэарэтычнай фізікі -- тэорыі так званых квантавых груп. Ен таксама шмат і плённа працуе ў галіне гісторыі развіцця фізікі XX стагоддзя. Многа часу аддае А.А. Богуш аналізу асаблівасцей развіцця навуковых даследаванняў па сучаснай фізіцы ў Беларусі, у першую чаргу вызначэнню ролі ў гэтых працэсах акадэміка Ф.І. Фёдарава і створанай ім беларускай навуковай школы фізікаў.

Пажадаем шаноўнаму Андрэю Аляксандравічу моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця і новых навуковых дасягненняў.

Рэдкалегія

Top Часопіс

Галоўная старонка / Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы / Да пачатку старонкі


Распрацавана і падтрымліваецца Мікалаем М. Касцюковічам. Апошняе абнаўленне: 22 ліпеня 2009 г.
Створана пры ўдзеле Ігната І. Корсака
Капірайт © 2000-2009 Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Капірайт © 2000 Інстытут матэматыкі НАН Беларусі