Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Вучоныя Беларусі: Мікалай Васільевіч Бірыла (Да 80-годдзя з дня нараджэння)

Галоўная старонка / Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы

Вучоныя Беларусі: Мікалай Васільевіч Бірыла (Да 80-годдзя з дня нараджэння)

Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
СЕРЫЯ ГУМАНІТАРНЫХ НАВУК

Выдавецтва Беларуская навука, Мінск, Рэспубліка Беларусь

Асобны артыкул з нумара 3, 2003 (С. 123--124)

Часопіс

ВУЧОНЫЯ БЕЛАРУСI

Падлужны А.I.
Мікалай Васільевіч Бірыла (Да 80-годдзя з дня нараджэння).

10 верасня 2003 года спаўняецца 80 гадоў акадэміку, доктару філалагічных навук, прафесару, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі СССР, заслужанаму дзеячу навукі БССР Мікалаю Васільевічу Бірыле. Ужо 11 гадоў няма яго сярод нас, але яго прысутнасць адчуваецца не толькі ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, але і ва ўсім беларускім мовазнаўстве, дзякуючы яго навуковай спадчыне, шматлікім вучням, якіх ён выхаваў.

Гэты буйнейшы беларускі мовавед з 1947 года да раптоўнай смерці 30 верасня 1992 года працаваў спачатку ў Інстытуце літаратуры, мастацтва і мовы, а з 1952 года ў Інстытуце мовазнаўства, якому ў 1956 годзе пасля смерці віцэ-прэзідэнта акадэміі народнага паэта Беларусі Якуба Коласа было нададзена яго імя.

У першыя пасляваснныя дзесяцігоддзі спачатку перад сектарам мовы аб'яднанага Інстытута літаратуры, мастацтва і мовы, а затым і перад Інстытутам мовазнаўства была пастаўлена галоўная задача вывучэння беларускіх народных гаворак. І Мікалай Васільевіч, выпускнік Мінскага дзяржаўнага педінстытута, быў падключаны да гэтай работы. У першую чаргу трэба было распрацаваць праграму збору дыялекталагічнага матэрыялу. Як малады спецыяліст будучы акадэмік быў актыўным удзельнікам абмеркавання праграмы і адным з яе сааўтараў. Гэта дало яму магчымасць адчуць подых вялікай навукі, магчымасць пазнаёміцца з вядучымі дыялектолагамі Масквы, якія шчыра дапамагалі сваім беларускім калегам. У абмеркаванні праграмы збору дыялектнага матэрыялу ўдзельнічалі член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР Р.I. Аванесаў, праф. П.А. Растаргуеў (быў сапраўдным членам Інбелкульта, працаваў у Інстытуце літаратуры, мастацтва і мовы па сумяшчальніцтву), С. С. Высоцкі і рад іншых навуковых супрацоўнікаў з Інстытута рускай мовы Акадэміі навук СССР. Найбольш блізкія адносіны склаліся з Р.І. Аванесавым, які спачатку стаў навуковым кіраўніком па яго кандыдацкай дысертацыі, а затым і блізкім сябрам.

Кандыдацкая дысертацыя М.В. Бірылы -- апісанне "Гаворак Чырвонаслабодскага раёна Бабруйскай вобласці". Яна выканана на высокім навуковым узроўні, вызначаецца практычна поўным фактычным матэрыялам, грунтуецца на глыбокай тэарэтычнай аснове і на пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя паслужыла ўзорам для іншых маладых супрацоўнікаў у апісанні гаворак іншых рэгіёнаў Беларусі. З асаблівай глыбінёй у гэтай працы адлюстравана сучасная фанетыка гаворак і гістарычныя працэсы, што сфарміравалі іх сістэмы вакалізму і кансанантызму. Фактычна тут ён заявіў пра сябе як прафесіянальны фанетыст, упершыню пасля такіх выдатных вучоных 20-х гадоў, як С.М. Некрашэвіч, праф. П.А. Бузук і І.В. Воўк-Левановіч. Традыцыя фанетыстаў 20-х гадоў была адноўлена.

Побач з асабістымі навуковымі даследаваннямі М.В. Бірыла шмат часу аддаваў калектыўнай працы -- стварэнню вялікага цыкла работ па беларускай дыялекталогіі: "Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы" (надрукаваны ў 1963г.), "Лінгвагеаграфіі і групоўкі беларускіх гаворак" (1968--1969). За гэтыя працы ён у складзе навуковага калектыву ў 1971 годзе быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР. Яшчэ толькі апублікаваны "Дыялекталагічны атлас", а ўжо ў наступны год пабачылі свет "Нарысы па беларускай дыялекталогіі" (1964) выдатны вучэбны дапаможнік для студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ і "Хрэстаматыя па беларускай мове" (1964). Вось яскравы прыклад укаранення дасягненняў навукі ў практыку вучэбнага працэсу! З 1958 года М.В. Бірыла ўдзельнічае ў рабоце Міжнароднай камісіі па стварэнні Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа пры Міжнародным камітэце славістаў. ЁН узначальвае беларускую нацыянальную камісію, арганізуе ўсю працу па збору матэрыялаў для гэтага буйнога міжнароднага праекта.

Яго артыкул "Да пытання аб тыпе і прынцыпах укладання беларускіх абласных слоўнікаў" паслужыў тэарэтычнай асновай і моцным штуршком для вывучэння рэгіянальнай беларускай лексікі і ўрэшце стварэння "Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак", збор матэрыялаў для якога ажыццяўляўся па Інструкцыі, у складанні якой М.В. Бірыла прымаў самы непасрэдны ўдзел. Ён з'яўляецца навуковым сарэдактарам першых двух тамоў "Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак".

Акадэмік М.В. Бірыла з'яўляецца аўтарам ідэі, кіраўніком працы і навуковым рэдактарам нарматыўнага слоўніка беларускай мовы, дзе адлюстраваны вымаўленне, націск, марфалагічныя формы слоў і арфаграфія ("Слоўнік беларускай мовы". Мн., 1987). У ім сабрана каля 120 тысяч слоў беларускай мовы, што ўжываюцца ў мастацкіх творах, публіцыстыцы, навуковай літаратуры і дзелавой пісьменнасці.

Паралельна з працай над гэтым слоўнікам М.В. Бірыла кіраваў стварэннем "Беларускай граматыкі", у якой улічаны тыя змяненні ў граматычным ладзе беларускай літаратурнай мовы, якія адбыліся з моманту выхаду ў свет першай акадэмічнай граматыкі беларускай мовы (1962--1966). Уласна ім напісаны раздзелы арфаэпіі і націску. Гэту граматыку ад яе папярэдніцы адрознівае найбольш поўнае прадстаўленне ўсіх аспектаў беларускай літаратурнай мовы: тут упершыню, акрамя арфаэпіі і націску, прадстаўлены таксама фаналогія і марфаналогія, уведзены вялікі асобны раздзел, прысвечаны словаўтварэнню.

Акадэмік М.В. Бірыла з'явіўся заснавальнікам навуковага напрамку ў беларускай лінгвістыцы -- анамастыкі. Сам акадэмік распрацаваў праблемы намінацыі людзей -- антрапаніміку. Тут ён дасягнуў вялікіх по-спехаў. Ім падрыхтавана трохтомная манаграфія "Беларуская антрапанімія". У першым томе (1966) разгледжаны ўласныя імёны. імёны-мянушкі, імёны па бацьку, прозвішчы. У другім томе (1969) прааналізавана структура прозвішчаў, утвораных ад апелятыўнай лексікі. Трэці том (1982) прысвечаны ўласным мужчынскім і жаночым імёнам. У апошнія гады жыцця Мікалай Васільевіч практычна завяршыў працу над слоўнікам бе-ларускіх прозвішчаў у лінгвагеаграфічным аспекце. Гэты вялікі рукапіс, які перавышае 4 тысячы машынапісных старонак, зараз Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа рыхтуецца да выдання. Ужо ў рукапісу ім пастаянна карыстаюцца беларускія архівісты, неаднаразова паступалі запыты аб звестках. якія ён змяшчае, ад дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў не толькі Беларусі, але і Расіі.

Цыкл работ акадэміка па антрапаніміі паставіў гэты раздзел мовазнаўства ў першыя рады беларускай анамастыкі сярод славістыкі, а яе аўтар у 1968 годзе быў выбраны членам Міжнароднай камісіі па анамастыцы.

Другую галіну анамастыкі пад кіраўніцтвам М.В. Бірылы паспяхова развівалі і развіваюць яго вучні. Доктар філалагічных навук В.П. Лсмцюгова з'яўляецца старшынёй тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі, членам тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. У гэтым годзс супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства выдалі зборнік нарматыўных матэрыялаў па геаграфічных назвах Мінскай вобласці, падрыхтавалі адпаведныя матэрыялы па Гродзенскай вобласці.

Акадэмік М.В. Бірыла быў выдатным педагогам і буйным арганізатарам навукі. Ён удзяляў вялікую ўвагу падрыхтоўцы навуковых кадраў. Моладзь заўсёды акружала яго, і ён з тактоўнасцю накіроўваў іх першыя крокі ў вялікую навуку. Каля двух дзесяткаў кандыдатаў і дактароў навук падрыхтаваў М.В. Бірыла як навуковы кіраўнік і навуковы кансультант. Зараз яго вучні працуюць не толькі ў Інстытуце мовазнаўства, але ва ўсіх вядучых ВНУ краіны. Аўтар гэтых радкоў фармальна не быў вучне.м Мікалая Васільевіча. Але ён, як і многія іншыя вучоныя, навучыўся ў яго шмат чаму. Так здарылася, што мой непасрэдны навуковы кіраўнік з Ленінграда -- праф. Р.Г. Піятроўскі. Акадэмік М.В. Бірыла выступаў як бы маім куратарам у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа. Іменна ён рэкамендаваў мне ў якасці рэферата на ўступным экзамене ў аспірантуру прадставіць апісанне фанетыкі гаворкі в. Расна Дрыбінскага раёна, дзе я працаваў у школе. Іменна яго ідэяй была падрыхтоўка маладога спецыяліста па эксперыментальнай фанетыцы, які б на сучасным узроўні даследаваў фанетычную сістэму беларускай літаратурнай мовы. І гэта задача была выканана. Цэлая група навуковых супрацоўнікаў інстытута і некаторыя выкладчыкі ВНУ атрымалі добры навуковы ўрок пры стварэнні "Слоўніка беларускай мовы" (1987), акадэмічнай "Беларускай граматыкі" ў дзвюх частках (1985--1986) і іншых калектыўных прац. якія выконваліся пад кіраўніцтвам акадэміка.

Не без увагі засталіся ў яго студэнты. Ён быў ініцыятарам стварэння філіяла кафедры беларускай мовы Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны, кіраваў студэнцкімі дыпломнымі работамі, праводзіў кансультацыі, чытаў лекцыі для студэнтаў розных ВНУ. У 1956--1958 гг. ён працаваў прафесарам кафедры Варшаўскага універсітэта. Там ён. акрамя чытання лекцый, разам з праф. А. Абрэмскай-Яблонскай займаўся падрыхтоўкай "Падручнага польска-беларускага слоўніка" (1962).

Для надрукаванай у 1961 г. часткі "Курса сучаснай беларускай літаратурнай мовы" М.В. Бірыла падрыхтаваў раздзелы "Фанетыка" і "Арфаэпія". У той час беларуская фанетыка яшчэ не была даследавана з дапамогай тэхнічных прыстасаванняў. Таму аўтар умела выкарыстаў рэнтгенаграфічныя схемы рускай мовы, зробленыя польскімі даследчыкамі Г. Канечнай і В. Завадоўскім. Пры гэтым ён зыходзіў з таго, што згодна з маскоўскай фаналагічнай школай фанематычныя сістэмы рускай і беларускай моў вельмі падобныя. Дарэчы, у беларускім мовазнаўстве толькі М.В. Бірыла і П.Я. Юргелевіч далі ўзор фанематычнай транскрыпцыі, што паказвае вялікае падабенства фанетычных сістэм суседніх моў, якія адрозніваюцца ў арфаграфіі. Што датычыцца арфаэпіі, то яна ў падручніку для ВНУ была прадстаўлена ўпершыню пасля прац акад. Я.Ф. Карскага.

Глыбокі след у Акадэміі навук пакінуў М.В. Бірыла і як арганізатар навукі. У 1972 годзе ён выбіраецца членам-карэспандэнтам АН Беларусі, у 1977 -- акадэмікам. У гэтым жа годзе ён прызначаецца выконваючым абавязкі акадэміка-сакратара Аддзялення грамадскіх навук. у 1982 годзе ён выбіраецца акадэмікам-сакратаром гэтага аддзялення. Гэту пасаду ён займаў 10 гадоў, пасля чаго быў прызначаны саветнікам прэзідыума Акадэміі.

Займаючы высокі пост акадэміка-сакратара Аддзялення грамадскіх навук, М.В. Бірыла прыкладаў няма-ла намаганняў для зладжанай працы навуковых устаноў сацыяльна гуманітарнага профілю, выпрацаваў свой стыль кіраўніцтва навуковымі даследаваннямі, асноўныя рысы якога захоўваюцца ў аддзяленні да гэтага часу.

Перад гэтым пяць гадоў М.В. Бірыла ўзначальваў Аб'яднаны камітэт прафсаюза. Тут у поўнай меры выявіліся такія рысы яго характару, як цярплівасць, уважлівыя адносіны да патрэб супрацоўнікаў Акадэміі навук, прынцыповасць у адстойванні іх правоў. Яму прыйшлося ўдзельнічаць у арганізацыі будаўніцтва санаторыя-прафілакторыя "Іслач", піянерскага лагера для дзяцей супрацоўнікаў Акадэміі і дома для вучоных па вул. Кульман. Шмат хто з маладых вучоных упершыню атрымаў жыллё, а масцітыя вучоныя значна палепшылі свае жыллёвыя ўмовы.

Такім чынам, у асобе акадэміка М.В. Бірылы Нацыянальная акадэмія навук Беларусі мела чулага чалавека, буйнейшага беларускага моваведа другой паловы XX стагоддзя, выдатнага арганізатара сацыяльна-гуманітарнай навукі. Традыцыі, якія былі закладзены ім у галінах яго дзейнасці, маюць выключна павучальнае значэнне і ў наш час.

Часопіс Top

Галоўная старонка / Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы / Да пачатку старонкі


Распрацавана і падтрымліваецца Мікалаем М. Касцюковічам. Апошняе абнаўленне: 10 верасня 2008 г.
Створана пры ўдзеле Ігната І. Корсака
Капірайт © 2003-2008 Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Капірайт © 2003 Выдавецтва "Беларуская навука"