Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Вучоныя Беларусі: Аляксандр Іосіфавіч Падлужны (Да 70-годдзя з дня нараджэння)

Галоўная старонка / Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы

Вучоныя Беларусі: Аляксандр Іосіфавіч Падлужны (Да 70-годдзя з дня нараджэння)

Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
СЕРЫЯ ГУМАНІТАРНЫХ НАВУК

Выдавецтва Беларуская навука, Мінск, Рэспубліка Беларусь

Асобны артыкул з нумара 3, 2005 (С. 120--122)

Часопіс

ВУЧОНЫЯ БЕЛАРУСI

Лукашанец А.А.
Аляксандр Іосіфавіч Падлужны (Да 70-годдзя з дня нараджэння).

16 жніўня 2005 г. спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння заслужацага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь, вядомага беларускага лінгвіста, доктара філалагічных навук, прафесара, акадэміка Аляксандра Іосіфавіча Падлужнага.

А.I. Падлужны нарадзіўся 16 жніўня 1935 г. у в. Залессе Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1954 г. скончыў Мсціслаўскае педвучылішча, у 1959 г. -- аддзяленне беларускай мовы і літаратуры Белдзяржуніверсітэта, пасля заканчэння БДУ працаваў настаўнікам у сельскай школе, у 1982 г. абараніў доктарскую дысертацыю, у 1989 г. стаў прафесарам, у 1994 г. -- акадэмікам НАН Беларусі.

3 1962 г. А.I. Падлужны назаўсёды звязвае сваё жыццё і дзейнасць з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і беларускім мовазнаўствам. Тут у 1964 г. ён скончыў аспірантуру пад кіраўніцтвам вядомага ленінградскага лінгвіста Р. Р. Шятроўскага і абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму "Фаналагічная сістэма беларускай літаратурнай мовы", затым працаваў на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка інстытута. 3 1969 г. А.I. Падлужны працуе загадчыкам лабараторыі эксперыментальнай фанетыкі (з 1990 года -- аддзел эксперыментальнай фанетыкі), з 1992 г. -- узначальвае аддзел сучаснай беларускай мовы, з 1983 г. -- працуе на пасадзе намесніка дырэктара інстытута па навуковай рабоце, з 1989 па 2003 г. -- з'яўляецца дырэктарам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Адначасова з 1997 па 2002 г. А.I. Падлужны быў акадэмікам-сакратаром Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі. Зараз працуе загадчыкам аддзела сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства.

А.I. Падлужны -- аўтар больш 150 навуковых прац, у тым ліку 16 манаграфій па розных праблемах беларускай фанетыкі і фаналогіі, сучаснай беларускай лексікалогіі, граматыкі, правапісу і культуры мовы, моўнай палітыкі, з'яўляецца заснавальнікам беларускай фанетычнай школы. Ён стварыў у Інстытуце мовазнаўства лабараторыю эксперыментальнай фанетыкі, у якой пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле праведзены даследаванні вуснай беларускай мовы. У манаграфіі "Фаналагічная сістэма беларускай мовы" (1969) вучоны ўпершыню даследаваў фанемны склад беларускай мовы і разгледзеў механізм функцыянавання гукаў, які не паддаецца непасрэднаму назіранню. Гэта даследаванне з'явілася тэарэтычнай асновай для эксперыментальнага вывучэння гукаў беларускай мовы. У кнізе "Гукі беларускай мовы" (сумесна з В.М. Чэкманам, 1973) ім разгледжаны асаблівасці ўтварэння галосных і зычных гукаў беларускай мовы. Такое апісанне ўпершыню ў беларускім мовазнаўстве ажыццёўлена на эксперыментальным матэрыяле (рэнтгенаграм, палатаграм, лінгваграм, адантаграм дыктараў, якія валодаюць літаратурнымі нормамі вымаўлення). У манаграфіі даследаваны месца і спосаб утварэння гукаў паводле даных палатаграфіі і кінарэнтгенаграфіі, прапанавана артыкуляцыйна-фізіялагічная класіфікацыя зычных і галосных гукаў, дадзена апісанне асноўных характарыстык артыкуляцыйнай базы беларускай мовы. Кніга дала пачатак стварэнню навуковай апісальнай фанетыкі сучаснай беларускай літаратурнай мовы, якая да сённяшняга дня з'яўляецца базай усёй вучэбнай літаратуры па фанетыцы і фаналогіі беларускай мовы.

У манафафіі "Нарыс акустычнай фанетыкі беларускай мовы" (1977) на аснове даных самых новых на той час электронна-акустычных прыбораў прааналізаваны ўласцівасці вуснай беларускай мовы, якія абумоўліваюць яе падзел на гукі і дазваляюць ажыццявіць фанемную класіфікацыю. У доктарскай дысертацыі А.I. Падлужнага "Фанетычная сістэма беларускай мовы" (1981) упершыню ў беларускім мовазнаўстве прыведзены атрыманыя эксперыментальным шляхам звесткі пра акустычную будову маўлення і асаблівасці яго ўспрымання, зроблена іерархічная класіфікацыя акустычных прымет маўленчага сігналу, устаноўлена сегментная структура беларускага маўлення і прапанавана акустычная класіфікацыя гукаў на аснове гэтай структуры. Пад кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле А.I. Падлужнага ў Інстытуце мовазнаўства праведзены буйныя даследаванні фанетычнай сістэмы беларускай мовы, вынікі якіх абагульнены ў манаграфіях "Фанетыка слова ў беларускай мове" (1983), "Фанетыка беларускай літаратурнай мовы" (1989), а таксама ў шэрагу артыкулаў, прысвечаных тэарэтычным праблемам беларускай фанетыкі і фаналогіі.

Значнае месца ў навуковай дзейнасці А.I. Падлужнага займаюць праблемы нармалізацыі беларускага літаратурнага маўлення. Ён з'яўляецца членам рэдакцыйнай калегіі і адным з аўтараў нарматыўнага "Слоўніка беларускай мовы: Арфаэпія, арфаграфія, акцэнтуацыя, словазмяненне" (1987), а таксама аўтарам раздзелаў "Фаналогія" і "Арфаэпія" (сумесна з акадэмікам М.В. Бірылам) у акадэмічнай "Беларускай Іраматыцы" (ч. 1, 1985). Менавіта гэтыя фундаментальныя працы да сённяшняга дня застаюцца найбольш аўтарытэтнымі даведнікамі па беларускай мове, дзякуючы якім удалося стрымаць дэструктыўныя тэвдэнцыі ў сістэме беларускай літаратурнай мовы ў канцы XX ст. і захаваць адносную стабільнасць норм беларускай літаратурнай мовы і яе функцыянаванне ў грамадстве.

У 90-я гады мінулага стагоддзя акадэмік А.I. Падлужны фактычна ўзначаліў працу ў краіне па ўдасканаленню беларускага правапісу. Ён быў намеснікам старшыні Дзяржаўнай камісіі па ўдасканаленню беларускага правапісу, вынікам дзейнасці якой сталі "Высновы", дзе былі сфармуляваны асноўныя падыходы да падрыхтоўкі змяненняў існуючых правапісных норм. А.I. Падлужны ўзначаліў і рабочую групу па падрыхтоўцы праекта новай рэдакцыі "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі". У выніку напружанай і карпатлівай працы рабочая група падрыхтавала такі праект, які з'яўляецца больш паслядоўным і кампактным у параўнанні з існуючым зараз і які пасля ўвядзення ў дзеянне павінен забяспечыць адзінства правапісных норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы і яе паспяховае вывучэнне перш за ўсё ў сферы школьнай адукацыі. Адначасова А. І. Падлужны як кіраўнік рабочай групы і аўтарытэтны спецыяліст у гэтай галіне праводзіць вялікую прапагандысцкую работу па растлумачэнню сутнасці і зместу прапануемых змен у беларускім правапісе, пра што сведчаць яго рэгулярныя публікацыі ў перыядычным друку, у прыватнасці ў "Настаўніцкай газеце" за 2005 год.

Шэраг прац А.I. Падлужнага непасрэдна адрасаваны тым, хто практычна вывучае бела-рускую мову. Ён адзін з аўтараў кнігі "Беларуская мова для небеларусаў" (1973; 2-е выд. 1978, на рускай мове). Трэцяе істотна перапрацаванае і дапоўненае выданне гэтай кнігі выйшла пад назвай "Беларуская мова для тых, хто гаворыць па-руску" (1990). А.I. Падлужны -- навуковы рэдактар і адзін з аўтараў кнігі "Беларуская мова: Цяжкія выпадкі фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі" (1987), хрэстаматыі "Вусная беларуская мова" (1990), зборніка "Пытанні культуры пісьмовай мовы" (1991). У сааўтарстве ім напісаны вучэбны дапаможнік "Фанетыка беларускай мовы" (1984), а таксама "Практыкум па фанетыцы беларускай мовы" (1989) і інш. А.I. Падлужны быў членам рэдкалегіі і адным з найболып актыўных аўтараў энцыклапедыі "Беларуская мова" (1994), якая зараз з'яўляецца найбольш поўным і аўтарытэтным даведнікам па самых разнастайных пытаннях сучаснай беларускай мовы.

У сферы навуковых інтарэсаў акадэміка А.I. Падлужнага знаходзяцца таксама праблемы беларускай лексікалогіі і беларускай навуковай тэрміналогіі. Пад яго рэдакцыяй апублікавана манафафія "Пытанні тэорыі і практыкі беларускай навуковай тэрміналогіі". Вялікую практычную, у тым ліку і кансультацыйную, работу ён ажыццяўляе як старшыня Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Шырока вядома навуковая дзейнасць А.I. Падлужнага і за межамі нашай краіны. На працягу многіх гадоў ён з'яўляецца членам Камісіі па фанетыцы і фаналогіі пры Міжнародным камітэце славістаў, членам рабочай групы Міжнароднай камісіі па "Агульнаславянскім лінгвістычным атласе", кіраўніком беларускай нацыянальнай групы АЛА, прымае актыўны ўдзел у распрацоўцы гэтага буйнейшага славістычнага праекта XX--XXI стст.

Сваю шматгранную навуковую работу А.I. Падлужны спалучае з вялікай навукова-арганізацыйнай дзейнасцю. Працуючы на працягу 20 гадоў намеснікам дырэктара па навуковай рабоце і дырэктарам Інстытута мовазнаўста імя Якуба Коласа НАН Беларусі, А.I. Падлужны фактычна ажыццяўляў каардынацыю ўсёй лінгвістычнай навукі ў Беларусі, а на пасадзе акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі вызначаў напрамкі даследаванняў у галіне ўсёй гуманітарнай навукі ў краіне.

Адначасова ў дзейнасці акадэміка А.I. Падлужнага вялікае месца займае работа па падрыхтоўцы філалагічных кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Ён падрыхтаваў 12 кандыдатаў навук, сярод яго вучняў некалькі дактароў навук. Акрамя таго, на працягу многіх гадоў А.I. Падлужны чытаў лекцыі па беларускай мове для студэнтаў філалагічнага факультэта БДУ, працаваў старшынёй ДЭК, быў членам Прэзідыума навукова-метадычнага савета Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па падручніках. Зараз ён узначальвае савет па абароне доктарскіх дысертацый пры Інстытуце мовазнаўства, з'яўляецца членам савета па абароне дысертацый пры БДУ.

Навуковая, навукова-арганізацыйная дзейнасць і работа па падрыхтоўцы кадраў вышэйшай кваліфікацыі ў галіне беларускага мовазнаўства А.I. Падлужнага атрымалі высокую ацэнку грамадскасці і дзяржавы. У 1989 г. ён абраны членам-карэспандэнтам, а ў 1994 г. -- акадэмікам НАН Беларусі. Як таленавіты арганізатар мовазнаўчай навукі ў Беларусі А.I. Падлужны ўзнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага савета БССР (1983), ордэнам "Знак Пашаны" (1986), яму прысвоена званне Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1999).

Свой юбілей акадэмік А.I. Падлужны сустракае актыўнай творчай працай, поўны новых задум і праектаў. Сябры і калегі жадаюць Аляксандру Іосіфавічу моцнага здароўя, бадзёрасці і аптымізму, творчых поспехаў і здзяйсненняў на карысць роднай Беларусі і роднай беларускай мовы.

Часопіс Top

Галоўная старонка / Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы / Да пачатку старонкі


Распрацавана і падтрымліваецца Мікалаем М. Касцюковічам. Апошняе абнаўленне: 26 лістапада 2006 г.
Створана пры ўдзеле Ігната І. Корсака
Капірайт © 2005-2006 Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Капірайт © 2005 Выдавецкі дом "Беларуская навука"