Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Вучоныя Беларусі: Уладзiмiр Iванавiч Няфёд (Да 80-годдзя з дня нараджэння)

Галоўная старонка / Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы

Вучоныя Беларусі: Уладзiмiр Iванавiч Няфёд (Да 80-годдзя з дня нараджэння)

Весці Акадэміі навук Беларусі
СЕРЫЯ ГУМАНІТАРНЫХ НАВУК

Выдавецтва Беларуская навука, Мінск, Рэспубліка Беларусь

Асобны артыкул з нумара 2, 1996 (С. 117--119)

Часопіс

ВУЧОНЫЯ БЕЛАРУСI

Смольскi Р.В.
Уладзiмiр Iванавiч Няфёд (Да 80-годдзя з дня нараджэння).

У студзенi 1996 г. споўнiлася 80 гадоў члену-карэспандэнту АН Беларусi доктару мастацтвазнаўства, прафесару Уладзiмiру Iванавiчу Няфёду -- аднаму з заснавальнiкаў беларускай школы тэатразнаўства.

У. I. Няфёд нарадзiўся 14(27) студзеня 1916 г. у невялiчкiм гарадку Аляксандраўск-Грушаўскi Растоўскай губернi (цяпер г. Шахты Растоўскай вобласцi) у сям'i шахцёра. Яго бацька Iван Васiльевiч паходзiў з сялян Палтаўшчыны, шмат гадоў працаваў на горных руднiках. Мацi, Аляксандра Аляксандраўна, была хатняй гаспадыняй, выхоўвала шасцёра дзяцей, сярод якiх гадаваўся i будучы гiсторык беларускай тэатральнай культуры.

У 1931 г. У.Няфёд скончыў сямiгодку i паступiў у школу горнапрамысловага вучнёўства пры шахце iмя Пралетарскай дыктатуры. Але лiтаратурныя схiльнасцi (яшчэ ў малодшых класах пачаў пiсаць вершы i драматычныя абразкi) прывялi яго ў пачатку 1933 г. у рэдакцыю гарадской радыёгазеты на пасаду лiтсупрацоўнiка. Потым два гады (1933 -- 1934) вучыўся на рабфаку Iнстытута пушнога звераводства (г. Балашыха Маскоўскай вобласцi). Нарэшце, у 1934 г. У.Няфёд знайшоў сваю справу, якая стала справай усяго жыцця: пачаў вывучаць гiсторыю i тэорыю сцэнiчнага мастацтва ў Маскоўскiм iнстытуце гiсторыi, фiласофii i лiтаратуры. У той час гэты iнстытут быў адным з самых вядомых у Маскве, тут вучылiся многiя будучыя вядомыя вучоныя i пiсьменнiкi. Атрымаўшы ў 1940 г. дыплом тэатразнаўцы, ён прыехаў у Мiнск i з таго часу вось ужо шостае дзесящгоддзе займаецца навуковай, педагагiчнай i лiтаратурна-творчай дзейнасцю. Праўда, першыя дзесяць гадоў (1940 -- 1950) гэту дзейнасць прыйшлося сумяшчаць з працай адказнага чыноўнiка, у прыватнасцi ў 1942--1947 гг. У.Няфёд працаваў начальнiкам аддзела тэатраў Упраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР. Скончыўшы аспiрантуру пры Iнстытуце лiтаратуры i мастацтва АН БССР (1951), працаваў у гэтым iнстытуце навуковым супрацоўнiкам, з 1954 г. -- загадчыкам сектара гiсторыi мастацтваў. У 1957 г. у Акадэмii навук БССР быў створаны Iнстытут мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору, з якiм Уладзiмiр Iванавiч Няфёд адразу i назаўжды звязаў свой лес: з 1957 г. -- загадчык сектара тэатра i кiно, з 1970 г. -- загадчык сектара зводу помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi, з 1977 г. -- загадчык, з 1988 г. i па сённяшнi дзень -- галоўны навуковы супрацоўнiк аддзела тэатра. Ужо з гэгай iнфармацыi дасведчаны чытач акадэмiчнага часопiса можа пераканацца, што У.I.Няфёд свае жыццё прысвяцiў беларускаму мастацтвазнаўству, у якiм стварыў уласную школу тэатразнаўства. Тут будзе красамоўным такi факт: вучоны выхаваў 1 доктара i больш за 20 кандыдатаў мастацтвазнаўства, якiя пайшлi за сваiм настаўнiкам у вывучэннi шматлiкiх праблем гiсгорыi i тэорыi сцэнiчнага мастацтва.

Сваю першую навуковую працу У.I.Няфёд выдаў у 1954 г. Гэта была манаграфiя пра выдатнага майстра купалаўскай сцэны Уладзiмiра Уладамiрскага. Адметнасць гэгай працы ў тым, што яе аўтар даследуе не толькi творчы лёс купалаўскага майстра, але i асаблiвасцi ўсёй беларускай акцёрскай школы, якая сфармiравалася на трывалым i плённым грунце псiхалагiчнага тэатра. Праз два гады (1956) У.I.Няфёд абараняе кандыдацкую дысертацыю на тэму "Беларускi тэатр у гады Вялiкай Айчыннай вайны". Працягвае руплiва збiраць i вывучаць разнастайны матэрыял па гiсторыi тэатральнага мастацтва Беларусi, выдае шэраг грунтоўных манаграфiй. У 1963 г. у Маскве У.I.Няфёд блiскуча абараняе доктарскую дысертацыю "Беларускi драматычны тэатр. Нарыс гiсторыш". Гэта праца з'явiлася першым фундаментальным даследаваннем гiсторыi станаўлення i развiцця беларускага тэатра -- ад вытокаў i да сярэдзiны XX стагоддзя. Са з'яўленнем гэтай працы можна гаварыць пра фармiраванне беларускай тэатральнай навукi ў асобны напрамак у мастацтвазнаўстве, больш таго, менавiта тэатразнаўства ўзяло на сябе адказную лiдэрскую ролю ў вывучэннi разнастайных з'яў у нацыянальнай культуры беларусаў. Асноўны цяжар у гэтай працы У.I.Няфёд узяў на сябе -- стварае грунтоўныя манаграфii пра дзейнасць Нацыяльнага акадэмiчнага тэатра iмя Я.Купалы i Беларускага акадэмiчнага тэатра iмя Я.Коласа.

У 1970 г. У.I.Няфёд пiша невялiкую па аб'ёму, але вельмi змястоўную i арыгiнальную тэарэтычную працу "Размышление о драматическом конфликте", у якой робiць шэраг адметных вывадаў i абагульненняў па тэорыi драматургii. Варта пры гэтым адзначыць, што галоўную тэарэтычную праблему канфлiкту ён разглядае на вопыце беларускай драматургii.

Адна з характэрных i вызначальных рыс вучонага -- схiльнасць да асваення новых пластоў нацыянальнай культуры. Таму невыпадкова, што менавiта У.I.Няфёд узначалiў у 1970 г. працу творчага калектыву даследчыкаў па падрыхтоўцы Збору помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi. Першы i самы адказны перыяд гэтай работы быў праведзены пад непасрэдным кiраўнiцтвам У.I.Няфёда. У 1977 г. ён вярнуўся ў свой родны сектар тэатральнага мастацтва i прапанаваў сваiм калегам новую iдэю -- распачаць працу над калектыўным акадэмiчным выданнем гiсторыi беларускай тэатральнай культуры. Трывалы падмурак для такога выдання ўжо быў пабудаваны -- уласныя працы У.I.Няфёда, а таксама кнiгi i даследаваннi яго вучняў i паплечнiкаў. Але шмат яшчэ заставалася i "белых" плям, якiя патрабавалi свайго вывучэння. Да гэтай працы У.I.Няфёд прыцягнуў шырокае кола не толькi тэатразнаўзцаў, але i гiсторыкаў, лiтаратуразнаўцаў i iншых спецыялiстаў у сферы мастацкай культуры. Гэта прынесла вiдавочны плён -- у 1983--1987 гг. у свет выйшла трохтомная (у 4 кнiгах) "Гiсторыя беларускага тэатра". На той час гэта праца не мела аналагаў у iншых саюзных рэспублiках, ды i сёння не ўсе суседзi могуць сказаць, што ў iх ёсць такiя фундаментальныя працы. На старонках "Гiсторыi беларускага тэатра" з любоўю i пашанай занатаваны для нашчадкаў жыццёвы i творчы шлях многiх сотняў артыстаў, рэжысёраў, драматургаў, крытыкаў, педагогаў, мастакоў i iншых дзеячаў, якiя працавалi i рупiлiся на нiве тэатральнай культуры, неслi сваiм гледачам iдэi дабра i справядлiвасцi, заклiкалi шанаваць i любiць сваю Бацькаўшчыну.

Здавалася б, можна было б i паспачываць на лаўрах (адзначым, што У.I.Няфёд атрымаў за свае працы Дзяржаўную прэмiю БССР у 1966 г., стаў заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусi), але не такi ў яго характар. У 1990 г. У.I.Няфёд выдае кнiгу пра творчую дзейнасць Мiкалая Кавязiна -- вядомага беларускага рэжысёра, аднаго з арганiзатараў Тэатра юнага гледача. На наступны год (1991) у свет выходзiць новая манаграфiя "Iгнат Буйнiцкi -- бацька беларускага тэатра: Вачыма сучаснiкаў i ў памяцi нашчадкаў". За гэтыя працы У.I.Няфёд у 1992 г. стаў лаўрэатам Тэатральнай прэмii iмя К.Крапiвы. Зараз, калi пiшуцца гэтыя радкi ў снежнi 1995 г., на рабочым стале вучонага -- карэктура новай кнiгi пра жыццё i творчую дзейнасць Францiшка Аляхновiча.

Адначасова з вялiкай i напружанай даследчыцкай працай У.I.Няфёд вёў актыўную педагагiчную дзейнасць, у 1947--1990 гг. выкладаў у Беларускiм дзяржаўным тэатральна-мастацкiм iнстытуце, ажыццяўляў навуковае кiраўнiцтва аспiрантамi.

Варта прыгадаць яшчэ адзiн бок у разнастайнай навуковай i творчай дзейнасцi юбiляра -- напiсанне драматычных твораў. Пяру У.I.Няфёда належаць больш за 30 аднаактовых п'ес, многiя з iх ставiлiся ў самадзейных тэатрах Беларусi. Актыўна i плённа працаваў i сёння працуе У.I.Няфёд у тэатральнай крытыцы -- больш за 450 артыкулаў, рэцэнзiй 4 iншых матэрыялаў надрукавана ў перыядычным друку.

Навуковая, педагагiчная, лiтаратурная i грамадская дзейнасць У.I.Няфёда (адзначым, што ён быў адным з заснавальнiкаў у 1946 г. Беларускага тэатральнага аб'яднання, якое потым у 1987 г. было ператворана ў Саюз тэатральных дзеячаў Беларусi, амаль сорак гадоў узначальваў секцыю крытыкi гэгага творчага саюза, адначасова ён член Саюза пiсьменнiкаў Беларусi з 1946 г.) высока ацэнена навуковай грамадскасцю (у 1972 г. абраны членам-карэспандэнтам АН Беларусi), урадам рэспублiкi -- узнагароджаны ордэнам "Знак пашаны", медалямi, а таксама Ганаровымi граматамi Вярхоўнага Савета БССР.

3 усяго пералiчанага можна пераканацца, што У.I.Няфёду ўдалося шмат зрабiць для беларускай навукi, лiтаратуры, мастацтва. Ён i зараз працягвае напружана працаваць, даследуе новыя старонкi ў гiсторыi айчыннага тэатра. Значыць, плёну будзе яшчэ больш. Таму хочацца пажадаць Уладзiмiру Iванавiчу самага галоўнага -- моцнага здароўя, а ўсё астатняе юбiляр здзейснiць сам, рэалiзуе свае новыя творчыя задумы.

Часопіс Top

Галоўная старонка / Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы / Да пачатку старонкі


Распрацавана і падтрымліваецца Мікалаем М. Касцюковічам. Апошняе абнаўленне: 2 лістапада 2006 г.
Створана пры ўдзеле Ігната І. Корсака
Капірайт © 1996-2006 Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Капірайт © 1996 Выдавецтва "Беларуская навука"