Андрэй Іванавіч Іванец (17.09.1984, г. Мінск), хімік, доктар хімічных навук (2017), дацэнт (2016).
Навуковыя працы прысвечаны калоіднай хіміі і даследаванню неарганічных порыстых матэрыялаў з зададзенай структурна-фазавай арганізацыяй і хіміяй паверхні. Распрацаваў фізіка-хімічныя асновы атрымання і рэгулявання структуры і якасцей неарганічных мембранавых, сарбцыйных і каталітычна актыўных матэрыялаў, а таксама абгрунтаваў іх эфектыўнасць у працэсах ачысткі прыродных і тэхналагічных водных асяроддзяў ад іонаў таксічных металаў, радыенуклідаў, фарбавальнікаў і фармсубстанцый. Выявіў механізмы структураўтварэння і фарміравання мікрафільтрацыйных керамічных мембран на аснове прыроднага аскіду Si(IV) Беларусі і іншых краін. Распрацаваў сарбенты на аснове змяшаных фасфатаў шматвалентных металаў для ачысткі вадкіх радыеактыўных адходаў са складаным радыенуклідным саставам і высокай солезмяшчальнасцю. Устанавіў сарбцыйныя, кінетычныя і тэрмадынамічныя заканамернасці выцягвання іонаў цяжкіх металаў сарбентамі на аснове мадыфікаванага прыроднага даламіту на прыкладзе мадэльных водных раствораў і рэальных сцёкавых вод. Упершыню прапанаваў новыя складанааксідныя сістэмы для атрымання каталітычна актыўных матэрыялаў, эфектыўных у працэсах ачысткі ад жалеза і дэманганацыі прэсных і мінеральных артэзіянскіх вод. Распрацаваў Фентон-падобныя каталізатары і ўстанавіў механізм каталітычнай дэструкцыі цяжкаакісляльных таксічных палютантаў на прыкладзе шэрагу фармсубстанцый і арганічных фарбавальнікаў.
Аўтар больш за 200 навуковых прац, у тым ліку 1 манаграфіі і 6 патэнтаў.
Лаўрэат стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аспірантам (2009) і таленавітым маладым вучоным (2014), лаўрэат конкурсу «100 талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (2018), лаўрэат прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і фонду падтрымкі адукацыі і навукі Алфёраўскага фонду для маладых вучоных (2015), стыпендыят Сусветнай федэрацыі вучоных (2015).