Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў (н. 12.02.1953, в. Бацвінава, Чачэрскага раёна, Гомельскай вобласці), вучоны ў галіне аграрнай эканомікі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003), акадэмік Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь (1999-2002), замежны член Нацыянальнай акадэміі аграрных навук Украіны (2002), Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук (2006), Акадэміі сельскагаспадарчых навук Рэспублікі Казахстан (2010), Латвійскай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі (2013), кіраўнік Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН) (2017), доктар эканамічных навук (1994), прафесар (1998). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2004).
Навуковыя даследаванні па арганізацыі кіравання і кіраўніцкай работы ў сельскай гаспадарцы, эфектыўнасці выкарыстання вытворчага патэнцыялу сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, арганізацыі і эфектыўнага функцыянавання аграрнага рынкавага гаспадарчага механізму. Даследуе пытанні тэорыі, метадалогіі і практыкі аграрнай рэформы і фарміравання ў АПК развітой сістэмы рынкавых адносін. Вывучае механізм гасразліковых і кааператыўных адносін у сельскай гаспадарцы, распрацоўвае тэарэтычныя асновы і практычныя мадэлі гаспадарчага і эканамічнага разліку ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах, механізмы, метады і методыкі эфектыўнага функцыянавання аграрнага комплексу, прынцыпы і мадэлі навуковай арганізацыі АПК, метады і механізмы забеспячэння харчовай бяспекі краіны. Адзін з асноўных аўтараў і навуковых кіраўнікоў шэрагу канцэпцый і праграм рэфармавання і развіцця АПК краіны ў новых умовах, у тым ліку Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады і Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця вёскі на 2011-2015 гады.
Аўтар больш за 700 навуковых прац, у тым ліку 22 манаграфіі і кнігі і больш за 200 брашур і рэкамендацый.
Узнагароджаны ордэнам Свяціцеля Кірылы Тураўскага (2011), ордэнам "За заслугі" III ступені (2013, Украіна). Ганаровы грамадзянін Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці (2011).