Аляксандр Юр’евіч Сідарэнка (1985, г. Мінск), хімік, кандыдат хімічных навук (2016).
Сфера навуковых інтарэсаў – лесахімія, каталітычныя рэакцыі прыродных злучэнняў, мадыфікацыя і фізіка-хімічныя метады аналізу алюмасілікатаў, каталітычныя нанаматэрыялы, атрыманне фізіялагічна актыўных і пахучых злучэнняў на аснове тэрпеноідаў, стэрэаселектыўны каталіз.
Навуковыя працы прысвечаны каталітычным пераўтварэнням тэрпеноідаў. Распрацаваў шэраг каталітычных сістэм на аснове прыродных алюмасілікатаў для рэакцый ізамерызацыі, палімерызацыі, дыспрапарцыянавання і кандэнсацыі тэрпеноідаў. Устанавіў уплыў кіслотнай і тэрмічнай мадыфікацыі на састаў, структуру і якасці слаістых алюмасілікатаў з рознай структурай. Колькасна ахарактарызаваў уплыў асаблівасцей структуры каталізатараў, характару, канцэнтрацыі і сілы кіслотных цэнтраў іх паверхні на шляхі працякання рэакцый разнастайных тэрпеноідаў, вызначыў кінетычныя заканамернасці вывучаных працэсаў. Упершыню паказаў і патлумачыў высокую эфектыўнасць мадыфікаваных алюмасілікатаў нанатрубак як стэрэаселектыўных каталізатараў для сінтэзу гетэрацыклічных злучэнняў.
Аўтар больш за 80 навуковых публікацый і 3 патэнтаў. Мае творчыя сувязі з вядучымі навуковымі цэнтрамі Беларусі і замежжа.
Лаўрэат прэміі імя акадэміка В.А. Капцюга за цыкл прац «Новыя каталізатары для сінтэзу хіральных гетэрацыклічных злучэнняў з высокім фармацэўтычным патэнцыялам на аснове прыродных монатэрпеноідаў» (2019, сумесна з У.Я. Агабекавым і Г.В. Краўцовай), лаўрэат конкурсу ТОП-10 вынікаў дзейнасці вучоных НАН Беларусі «за стварэнне нанакаталізатараў новага пакалення на аснове галуазітавых нанатрубак для сінтэзу гетэрацыклічных злучэнняў, якія валодаюць высокай біялагічнай актыўнасцю» (2018, сумесна з У.Я. Агабекавым), лаўрэат прэміі з нагоды 90-годдзя НАН Беларусі, лаўрэат стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для таленавітых маладых вучоных (2015, 2021 гг).