Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

АГАБЕКАЎ Уладзімір Янокавіч

АГАБЕКАЎ Уладзімір Янокавіч

Уладзімір Янокавіч Агабекаў (н. 19.01.1940, г. Грозны, Расія), хімік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. (2003; чл.-кар. З 1996), доктар хімічных навук (1981), прафесар (1987). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2008).

Навуковыя працы па фізічнай хіміі. Адкрыў новую рэакцыю аксіду вугляроду з пераксіднымі радыкаламі ў вадкай фазе з утварэннем дыяксіду вугляроду. Устанавіў, эксперыментальна пацвердзіў і колькасна ахарактарызаваў мультдыпольнае ўзаемадзеянне ансамбля палярных груп, якое аказвае істотны ўплыў на рэакцыйную здольнасць кіслародзістых злучэнняў. Распрацаваў уніфікаваную методыку тэсціравання разнастайных класаў радыкальных ініцыятараў, новыя метады і каталітычныя сістэмы для атрымання шэрагу каштоўных кіслародзістых злучэнняў (двухатамных фенолаў і сінтэтычных тлустых кіслот). Устанавіў узаемасувязь паміж хімічнай структурай арганічных злучэнняў і механізмам фарміравання адпаведных тонкаплёначных матэрыялаў, іх фізіка-хімічнымі характарыстыкамі, уласцівасцямі і пераўтварэннямі пад уплывам разнастайных выпраменьванняў, спецыфіку працякання радыкальных рэакцый пры пераходзе ад вадкай фазы да парашкоў і плёнак. Адкрыў уласны парамагнетызм нізкамалекулярных фарбавальнікаў у тонкаплёначным стане і даў тлумачэнне яго прыроды. Стварыў метады фарміравання на цвёрдай паверхні мона- і мультымалекулярных плёнак (плёнкі Ленгмюра-Бладжэт) з індывідуальных арганічных злучэнняў і іх кампазіцый, вывучыў марфалогію паверхні. Распрацаваў прынцыпова новыя фота- і электранарэзісты для працэсаў сухой вакуумнай літаграфіі, кантрастуючыя пакрыцці для прамысловай тэхналогіі вытворчасці вялікіх інтэгральных схем, высокаадчувальныя арганічныя матэрыялы для кантролю дэфектнасці металічных вырабаў электраразрадным спосабам. Стварыў паляроідныя плёнкі прасветнага, паўпрасветнага і адлюстравальнага тыпаў, распрацаваў тэхналогіі іх атрымання для вадкакрышталёвых устройстваў адлюстравання інфармацыі. Распрацаваў тэхналагічныя працэсы фарміравання арыентуючага пакрыцця для твіст-нематычных і супер-твіст-нематычных вадкакрышталёвых устройстваў, атрымання аптычна адбельваючых рэчываў для палімерных матэрыялаў, змазачна-ахаладжальных вадкасцей для металаапрацоўкі, клеявых кампазіцый разнастайнага функцыянальнага прызначэння і інш.

Аўтар 900 навуковых прац, у т.л. 4 манаграфій, адна з якіх перавыдадзена ў ЗША, 110 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.

Узнагароджаны медалём "Ветэран працы" (1994), Францыска Скарыны (2000).

Асноўныя працы:

  1. Механизм жидкофазного окисления кислородсодержащих соединений. Мн.: Наука и техника, 1975 (совм. с Денисовым Е.Т., Мицкевичем Н.И.).
  2. Liquid-Phase Oxidation of Oxygen-Containing Compounds. New York: Consultants Bureau, 1977 (with Denisov E. T., Mitskevich N. I.).
  3. Процессы окисления в природе и технике. Мн.: Наука и техника, 1978 (совм. с Мицкевичем Н.И., Арико Н.Г.).
  4. Нефть и газ. Добыча, комплексная переработка и использование. Мн.: БГТУ, 2004 (совм. с Косяковым В.К., Ложкиным В.М.).