Павел Андрэевіч Апанасевіч (н. 14.07.1929, в. Стараселле, Докшыцкага р-на, Віцебскай вобл.), фізік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1984; чл.-кар. З 1980), доктар фізіка-матэматычных навук (1974), прафесар (1977). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1995).
Навуковыя даследаванні па тэорыі ўзаемадзеяння электрамагнітнага выпраменьвання з рэчывам, лазернай фізіцы, нелінейнай оптыцы і спектраскапіі. Прапанаваў фізічна абгрунтаваную класіфікацыю другаснага свячэння; даў абгрунтаванне ўраўненняў верагоднаснага метаду ў тэорыі паглынання і выпраменьвання святла; пабудаваў квантава-кінетычныя ўраўненні немаркаўскага тыпу і на іх аснове правёў аналіз дзеяння магутнага выпраменьвання на спектральна-аптычныя характарыстыкі атамаў і малекул; развіў тэорыю параметрычнага ўзаемадзеяння светлавых хваляў і ператварэння хвалевага фронту ў рэзанансных асяроддзях. Унёс уклад у вывучэнне вымушанага і кагерэнтнага камбінацыйнага рассейвання, узаемадзеяння і сінхранізацыі мод у імпульсных лазерах, генерацыі звышкароткіх светлавых імпульсаў, двухфатоннага паглынання святла, орта-параканверсіі малекул вадароду.
Апублікаваў больш за 320 навуковых прац, у т.л. 2 манаграфіі.
Дзяржаўная прэмія БССР 1978 г. за цыкл прац "Спектральна-аптычныя ўласцівасці рэчыва ў полі магутнага лазернага выпраменьвання". Дзяржаўная прэмія СССР 1982 г. за цыкл прац "Фізічныя асновы дынамічнай галаграфіі і новыя метады пераўтварэння прасторавай структуры светлавых пучкоў".
Узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны"" (1979), ордэнам Пашаны (2010), медалём.