Яўгеній Міхайлавіч Бабосаў (н. 23.02.1931, г. Разань, Расія), філосаф, сацыёлаг. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994; чл.-кар. з 1977), доктар філасофскіх навук (1972), прафесар (1973). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1996).
Навуковыя працы прысвечаны філасофска-метадалагічным праблемам навуковага пазнання, гнасеалагічным механізмам навуковых рэвалюцый, асаблівасцям узаемадзеяння навукова-тэхнічнага і сацыяльнага прагрэсу. Распрацаваў новыя канцэптуальныя падыходы да даследаванняў сацыяльных аспектаў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, духоўнага свету чалавека ў адзінстве з сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі. Даследаваў метадалагічныя праблемы функцыянавання духоўнай культуры ў жыцці сучаснага грамадства, яе структуры і функцыі, асаблівасці развіцця яе кампанентаў (навукі, светапогляду, палітычнай, маральнай, мастацкай культуры), іх месца і роля ў развіцці грамадства, сацыяльна-псіхалагічныя механізмы іх уплыву на фарміраванне і жыццядзейнасць асобы. Распрацоўвае тэарэтыка-метадалагічныя праблемы сацыялогіі, канфлікталогіі, экстрэмальных сітцацый, крызісаў і катастроф, асаблівасцей пераходнага перыяду. Даследуе асноўныя тэндэнцыі сацыяльна-стратыфікацыйнага і сацыяльна-палітычнага развіцця Беларусі ў канцы ХХ- пачатку ХХІ ст. Асноўныя тэндэнцыі змяненняў сацыяльнай структуры сацыяльнага грамадства, развіццё духоўнай культуры, асабліва яе найважнейшых кампанентаў-навука, адукацыя маральнасць, мастацтва, рэлігія, а таксама сацыядынаміка крызісаў, канфліктаў і катастроф. У апошні час факусуюць на пытаннях філасофіі і сацыялогіі палітыкі, культуры і асобы, дынамікі сацыяльных сістэм, іх чалавекаарыентаванасці.
Аўтар звыш 880 навуковых прац, у т.л. 59 манаграфій, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў.
Дзяржаўная прэмія БССР 1984 г. за цыкл работ па гісторыі філасофіі і грамадскай думкі Беларусі. Прэмія імя П.А.Сарокіна 2005 г. за ўклад у развіццё сацыялагічнай навукі.
Узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны"" (1967), медалямі.