Аляксандр Валянцінавіч Бялецкі (н. 14.10.1957, г. Чэрвень, Мінскай вобл.) – вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі. Акадэмік (2017; чл.-кар. з 2014), доктар медыцынскіх навук (1997), прафесар (1998). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2010).
Навуковыя распрацоўкі ў галіне дзіцячай траўматалогіі і артапедыі, артраскопіі і эндапратэзавання буйных суставаў. Прапанаваў класіфікацыю выяўленых рэшткавых дэфармацый пасля кансерватыўнага лячэння прыроджанага вывіху сцягна, усталяваў паказанні да выбару аптымальнага метаду лячэння з улікам тыпу дэфармацыі, ступені разбурэння галоўкі, лакалізацыі паталагічнага ачага і стадыі захворвання. Распрацаваў тэхналогію інтрамедулярнага остэасінтэза пераломаў дыяфіза вялікабярцовай косткі, метад остэасінтэза пераломаў праксімальным аддзела вялікабярцовай косткі фіксатарам з блакаваннем вінтоў.
Аўтар больш за 450 навуковых прац, у тым ліку 15 манаграфій, больш за 74 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (2010) за працу «Распрацоўка і ўкараненне сучасных хірургічных тэхналогій лячэння артапедычнай паталогіі тазасцегнавага сустава ў дзяцей і падлеткаў». Прэмія НАН Беларусі (2015) за цыкл работ «Сучасныя тэхналогіі малаінвазіўнага хірургічнага лячэння дэфармацый ніжніх канечнасцяў з дапамогай кіравання функцыяй зон росту ў дзяцей». Дыплом Міжнароднай асацыяцыі траўматолагаў-артапедаў (2011) за ўклад у развіццё сусветнай траўматалогіі і артапедыі. Ганаровы дыплом Еўрапейскай федэрацыі нацыянальных асацыяцый артапедаў і траўматолагаў (EFORT) (2016) за асабісты ўклад і падтрымку ідэі аб'яднання Усходняй і Заходняй артапедыі.
Узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі» (2007), Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2010), Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2017).