Аляксандр Віктаравіч Більдзюкевіч (н. 23.06.1956, г. Мінск), хімік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2009), доктар хімічных навук (2001), прафесар (2009).
Навуковыя працы ў галіне фізічнай хіміі і хіміі высокамалекулярных злучэнняў. Правёў фундаментальныя даследаванні мембраннага масапераносу і прапанаваў новы падыход да апісання працэсу ультрафільтрацыі, якая ўлічвае фізіка-хімічныя ўзаемадзеянні палімерных мембран з кампанентамі раздзяляльнага раствору. Сфармуляваў і эксперыментальна пацвердзіў агульныя прынцыпы фарміравання порыстых пранікальных структур з выкарыстаннем імерсійнага метаду фармавання. Прапанаваў механізм фарміравання структуры селектыўнага пласта ультрафільтрацыйных мембран, на аснове якога распрацаваны агульныя падыходы і ўніфікаваны тэхналогіі атрымання ультра- і мікрафільтрацыйных мембран з розных палімераў. Распрацаваў навуковыя асновы паверхневай мадыфікацыі ультрафільтрацыйных мембран неіонагеннымі палімерамі і поліэлектралітамі, міжфазнай полікандэнсацыяй поліамінаў разнастайнай будовы хлорангідрыдаў араматычных карбонавых кіслот. Стварыў у Беларусі навукова-тэхнічную базу для развіцця мембранных тэхналогій і арганізаваў вопытна-прамысловую вытворчасць мікра- і ультрафільтрацыйных мембран, мембранных элементаў, прамысловых мембранных установак рознай магутнасці і мэтавага прызначэння. Распрацаваў мембранныя працэсы ачысткі, стэрылізацыі і фракцыяніравання раствораў, біялагічна актыўных рэчываў, перапрацоўкі малочных прадуктаў, асвятлення сокаў і він, ачысткі сцёкавых вод і інш., сучасныя энергаашчадныя тэхналогіі і абсталяванне для водападрыхтоўкі ў вялікай цеплаэнергетыцы, заснаваныя на капілярных мембранах.
Аўтар звыш 280 навуковых прац, у т.л. 37 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.
Галіновая прэмія Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі 2002 г.