Аляксандр Фёдаравіч Чарняўскі (н. 14.09. 1938, г. Разань, Расія), вучоны ў галіне інфарматыкі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994; чл.-кар. з 1986), доктар тэхнічных навук (1973), прафесар (1978). Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР (1979).
Навуковыя даследаванні па распрацоўцы фізіка-тэхнічных метадаў і вымяральна-вылічальных сродкаў аўтаматызаванай апрацоўкі інфармацыі. Распрацаваў метады паралельна-канвеернай апрацоўкі інфармацыі, прынцыпы структурнай пабудовы вымяральных пераўтваральнікаў і лічбавых устройстваў мадулярнай экспрэс-апрацоўкі даных, адпаведную мікраэлектронную элементную базу. Распрацаваў тэорыю пераўтварэння пазіцыйнага кода ў мінімальна-лішні мадулярны код і камп’ютарна-алгарытмічныя сродкі выканання модульных аперацый для многамашыннай і мультыпрацэсарнай тэхналогіі мадулярнай апрацоўкі інфармацыі, якая дазваляе ажыццяўляць хуткія і высокадакладныя вылічэнні пры лічбавай апрацоўцы сігналаў, лічбавых даных; метады, алгарытмы і праграмнае забеспячэнне гібкіх інфармацыйных тэхналогій, прызначаных для выкарыстання ў розных сістэмах; метад і тэхніку ўпраўлення параметрамі імпульсных дыёдных паскаральнікаў зараджаных часціц з дапамогай лазерна-плазменнага катода.
Аўтар звыш 300 навуковых прац, у т.л. 8 манаграфій і 77 вынаходстваў.
Прэмія Савета Міністраў СССР 1984 г. за стварэнне і ўкараненне ў вучэбны працэс аўтаматызаваных навучальных сістэм. Дзяржаўная прэмія БССР 1986 г. за распрацоўку і ўкараненне ў практыку оптыка-фізічных даследаванняў статыстычных метадаў часавага аналізу хуткапераменных патокаў светлавога выпраменьвання. Дзяржаўная прэмія СССР 1991 г. за распрацоўку і ўкараненне ў народную гаспадарку сістэм пазіцыйна-мадулярнага тыпу.