Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

ЧЫЖЫК Сяргей Антонавіч

ЧЫЖЫК Сяргей Антонавіч

Сяргей Антонавіч Чыжык (н. 28.05.1959, в. Асмолава, Нясвіжскага р-на, Мінскай вобл.), вучоны ў галіне фізікі і механікі паверхняў на мікра- і нанаўзроўні, нанадыягностыкі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2014; чл.-кар. з 2009), доктар тэхнічных навук (1998), прафесар (2007).

Навуковыя даследаванні ў галіне трыбамеханікі прэцэзійнага кантакту, фізікі і механікі паверхняў на мікра- і нанаўзроўні, нанаструктурнага матэрыялазнаўства, нанадыягностыкі матэрыялаў метадам атамна-сілавой мікраскапіі. Ім атрыманы асноватворныя заканамернасці фарміравання і функцыянавання прэцызійнага фрыкцыйнага кантакту, распрацаваны статыстычныя мадэлі кантакту шматузроўневых шурпатых паверхняў ва ўмовах эфектыўнага дзеяння паверхневых сіл, якія былі выкарыстаны пры праектаванні рабочых паверхняў у сістэмах магнітнага запісу, мікрапінцэтах і мікра-электрамеханічных сістэмах. Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле распрацаваны метады, створаны тэарэтычныя мадэлі і ўнікальнае абсталяванне для комплекснага аналізу паверхняў на нанаўзроўні. Распрацаваны новыя працэдуры ў атамна-сілавой мікраскапіі: латэральна-сілавая спектраскапія, асцыліруючая трыбаметрыя, нанавалачэнне і нанасвідраванне. Распрацаваны тэхналогіі мембранна-капілярнага транспарту, для стварэння зондаў-нанаманіпулятараў на базе вугляродных нанатрубак, кантралюемага фарміравання на вастрыі зонда адзінкавых нанааб’ектаў (часціцы, драты, ніці з нанатрубак), з наступнай ацэнкай іх фізіка-механічных уласцівасцей. Развіваюцца новыя напрамкі – нанатамаграфія прыпаверхневага слою і клетачная нанамеханіка. Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле выканана распрацоўка і ўпершыню з 1994 г. наладжана вытворчасць айчынных атамна-сілавых мікраскопаў серый "Нанатоп" і "Нанатэстар", якія выкарыстоўваюцца ў дзясятках навуковых і завадскіх лабараторый Рэспублікі Беларусь, а таксама пастаўляюцца за мяжу.

Аўтар звыш 280 навуковых прац, у т.л. 2 манаграфій і 7 патэнтаў.

Асноўныя працы:

  1. Механика дискретного фрикционного контакта. Мн.: Навука i тэхнiка, 1990 (в соавт.).
  2. Атомно-силовая микроскопия в оценке состояния синаптосомальной мембраны. Мн.: Изд. центр БГУ, 2002 (в соавт.).