Анатоль Паўлавіч Дастанка (н. 02.07.1937, в. Обчын, Любанскага р-на, Мінскай вобл.), вучоны ў галіне цвёрдацельнай мікраэлектронікі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1991; чл.-кар. з 1986), доктар тэхнічных навук (1979), прафесар (1979). Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР (1982). Заслужаны вынаходнік СССР (1987). Ганаровы грамадзянін горада Любані (1999).
Работы па праблемах мікраэлектронікі, фізікі і тэхнікі пучковых тэхналогій, плёнкавага матэрыялазнаўства, дыягностыкі тэхналагічных працэсаў і тэхналогіі электроннай апаратуры. Стварыў фізіка-хімічныя асновы мадыфіцыравання мікрааб'ёмаў цвёрдых цел у паліслойных структурах высокаэнергетычнымі патокамі часціц. Тэарэтычна абгрунтаваў і эксперыментальна рэалізаваў фізічныя з'явы селектыўнага іоннага распылення, фазавага расслаення ў шматкампанентных плёначных структурах і ўзыходзячай дыфузіі лёгкай кампаненты пад уздзеяннем іоннай бамбардзіроўкі. Распрацаваў прынцыпы пабудовы праграмна-кіруемых модульных тэхналагічных сістэм на базе іонных і электронных пучкоў, патокаў інфрачырвонага выпраменьвання і ЗВЧ-разрадаў, а таксама інтэгральныя тэхналогіі атрымання многафункцыянальных цвердацельных структур мікра-і оптаэлектронікі.
Аўтар каля 600 навуковых прац, у т.л. 19 манаграфій, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. Мае больш за 300 патэнтаў і аўтарскіх пасведчанняў на вынаходствы.
Дзяржаўная прэмія БССР 1982 г. за даследаванне, распрацоўку і ўкараненне комплексу высокаэфектыўных тэхналагічных працэсаў і абсталявання для вытворчасці вырабаў мікраэлектронікі. Прэмія Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 1991 г. за распрацоўку і ўкараненне высокаэфектыўных рэсурсазберагальных тэхналогій, якія забяспечваюць эканомію вострадэфіцытных і каштоўных матэрыялаў. Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 1996 г. за цыкл падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў па тэхналогіі вытворчасці ЭВМ, фізіка-хімічным і тэхналагічным дысцыплінах радыё і электронна-вылічальнага профілю (у суавўт.).