Сяргей Васільевіч Гапоненка (н. 05.06.1958, г. Мінск), фізік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2014; чл.-кар. з 2004), доктар фізіка-матэматычных навук (1996), прафесар (2008).
— Скончыў Белдзяржуніверсітэт(1980).
— З 1980 г. у Інстытуце фізікі ім. Б.І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 1997-1999 гг. намеснік дырэктара па навуковай рабоце, у 1999-2000 гг. в.а. дырэктара, у 2000-2007 гг. дырэктар і адначасова з 2001 г. загадчык лабараторыі Інстытута малекулярнай і атамнай фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
— З 2007 г. загадчык лабараторыі Інстытута фізікі ім. Б.І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Навуковыя даследаванні ў галіне фізікі і оптыкі нанаструктур кандэнсаваных асяроддзяў. Устанавіў ролю прымеснай рэкамбінацыі ў фарміраванні нелінейных аптычных уласцівасцяў паўправадніковых крышталяў. Упершыню выявіў і даследаваў неаднароднае пашырэнне аптычных спектраў паўправадніковых нанакрышталёў у дыэлектрычных матрыцах, усталяваў шэраг прынцыповых заканамернасцяў эвалюцыі уласцівасцяў наначасціц пры пераходзе ад малаатамных кластараў да аб'ёмных цвёрдых целаў. Даследаваў узаемадзеянне электрамагнітнага выпраменьвання з квантавымі сістэмамі ва ўмовах прасторавага абмежавання электрамагнітных хваль. Прапанаваў выкарыстоўваць коллоідныя крышталічныя нанаструктуры ў якасці прататыпа для стварэння "фатонных крышталяў", выявіў і даследаваў змену верагоднасці квантавых пераходаў малекул у такіх наноструктурах, абумоўленае змяненнем шчыльнасці фатонных станаў. На аснове аналізу квантавых працэсаў працэсаў у нанаструктурах прапанаваў механізм узмацнення рэзананснага і камбінацыйнага рассейвання святла ў нанаструктурах, а таксама практычныя метады павышэння адчувальнасці спектраскапіі гіганцкага камбінацыйнага рассейвання і эфектыўнасці святловыпрамяняльных цвёрдацельных структур. Устанавіў асноўныя заканамернасці распаўсюджвання выпраменьвання ў наноструктурах з фрактальнай геаметрыяй, прапанаваў прынцыпы кадавання інфармацыі на аснове характарыстычных спектраў класічных хваль і квантавых часціц у наноструктурах.
Аўтар каля 200 навуковых прац, у т. л. 3 манаграфій. Пад яго рэдакцыяй замежнымі выдавецтвамі апублікавана 6 зборнікаў навуковых прац па фізіцы нанаструктур.
Прэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 2010 года.