Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі (н. 07.12.1928, г. Мінск), вучоны ў галіне геалогіі, геатэктонікі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1977; чл.-кар. з 1972), замежны член Расійскай акадэміі навук (1994), доктар геолага-мінералагічных навук (1969), прафесар (1980). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978).
Навуковыя працы прысвечаны тэктоніцы і геадынаміцы платформ, уключаючы тэрыторыю Захаду Усходне-Еўрапейскага кратона і Беларусі. Вывучае пытанні стратыграфіі, літалогіі, палеаграфіі, геафізікі, геалогіі нафтавых, газавых і інш. радовішчаў карысных выкапняў. Найбольш поўна апісаў і даў класіфікацыю своеасаблівых геалагічных цел – класічных даек. Унёс істотны ўклад у тэктанічны аналіз магутнасцей адкладаў. Развіў вучэнне аб тэктоніцы платформ: праблемы наследавання і накладання структур, фармацыі, тыпы і класіфікацыі структур, разломы, стадыйнасць развіцця, некампенсаванае прагінанне, глыбінная будова (паверхні Моха, магутнасці літасферы, астэнасферы, шчыльнасці зямной кары). Разгледзеў асаблівасці будовы і развіцця кантынентальных палеарыфтаў, у прыватнасці на прыкладзе Прыпяцкага прагіну даказаў лістрычны характар разломаў, якія яго фарміруюць. Удзельнічаў у складанні многіх тэктанічных карт у якасці галоўнага рэдактара (Тэктанічная карта Беларусі, 1976, 2002; Міжнародная тэктанічная карта Паўднёва-Заходняга краю Усходне-Еўрапейскай платформы, 1986) або суаўтара (Тэктанічная карта Еўразіі, Міжнародная тэктанічная карта Еўропы, Геадынамічная карта Беларусі). Распрацаваў новы прынцып тэктанічнага раяніравання платформенных зон па асноўным этапе фарміравання структур.
Аўтар 515 навуковых прац і больш за 300 навукова-папулярных выданняў, у т.л. 46 манаграфій, 41 карты геалагічнага зместу, 5 вынаходстваў.
Дзяржаўная прэмія СССР 1969 г. за тэктанічную карту Еўразіі і манаграфію "Тэктоніка Еўразіі" (М., 1966, у соавт.). Дзяржаўная прэмія БССР 1978 г. за распрацоўку тэктанічнай карты Беларусі і манаграфію "Тэктоніка Беларусі" (Мн.:, 1976, у суаўт.). Прэмія Расійскай АН 1986 г. імя акадэміка Н.С. Шацкага. Прэмія НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН імя акадэміка В.А. Капцюга 2004 г.за цыкл сумесных работ "Верхнепратэразойскія і палеазойскія комплексы Беларусі і Сібіры: Геалогія, нафтагазаноснасць, праблемы асваення рэсурсаў вуглевадародаў" (у соавт.).
Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга( 1982), медалямі.