Леанід Сцяпанавіч Герасімовіч (н. 07.01.1939, г. Мінск), вучоны ў галіне электратэхналогіі і электраабсталявання ў сельскай гаспадарцы. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003), акадэмік Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь( 1996-2002), доктар тэхнічных навук (1983), прафесар (1985). Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь (1995).
Распрацаваў навуковыя асновы і новую элементную базу нізкатэмпературнага павярхоўна-размеркаванага (плёнкавага) электранагрэва: электратэхналагічныя сродкі для цеплавой апрацоўкі сельскагаспадарчых харчовых прадуктаў і асяроддзяў, энергазберагальныя сістэмы мікраклімату для жывёл і птушкі. Развіў тэорыю і практыку сістэмнага аналізу аграэнергетыкі. Распрацаваў навуковыя асновы аўтаматызаваных сістэм харчавання раслін на штучных субстратах, у тым ліку з айчыннай сыравіны. Стварыў пры БДАТУ Навукова-вытворчы цэнтр па цяплічнаму агароднінаводству, у выніку навуковай і навукова-метадычнай дзейнасці якога большасць зімовых цяпліц рэспублікі (каля 140 га) пераведзена на сучасныя энергарэсурсаэфектыўныя аўтаматызаваныя малааб'ёмныя тэхналогіі вырошчвання гародніны на штучных субстратах.
Аўтар больш за 250 навуковых прац, 110 вынаходак і патэнтаў.
Узнагароджаны медалём.