Андрэй Маркавіч Ганчарэнка (н. 02.01.1933, в. Вярсонка, Крупскага р-на, Мінскай вобл.), фізік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1984; чл.-кар. з 1972), доктар фізіка-матэматычных навук (1972), прафесар (1974). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978).
Работы па фізічнай і інтэгральнай оптыцы, квантавай электроніцы. Даследаваў уласцівасці кругавых аптычных восей паглынаючых крышталёў і крышталічных пласцінак, паверхняў паказчыкаў праламлення і каэфіцыентаў паглынання. Распрацаваў тэорыю анізатропных дыэлектрычных хваляводаў і святлаводаў, выявіў уплыў анізатрапіі на тыпы хваляў, лакалізацыю энергіі і крытычныя частоты хваляводаў, дэтальна вывучыў ізатропныя і крышталічныя планарныя хваляводы інтэгральнай оптыкі, затуханне і ўзмацненне святла ў тонкаплёначных хваляводах, разгледзеў хваляводныя ўласцівасці неаднародных тонкаплёначных слаёў і вызначыў характарыстыкі ўласных мод неаднароднага святлавода. Пабудаваў тэорыю распаўсюджвання гаўсавых эліптычных пучкоў у лінзападобных анізатропных і актыўных асяроддзях.
Аўтар каля 250 навуковых прац, у т.л. 3 манаграфій.
Дзяржаўная прэмія БССР 1984 г. за цыкл работ "Планарныя аптычныя хваляводы".
Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1981), медалём.