Анатоль Іларыёнавіч Гардзіенка (н. 18.12.1941, в. Локці, Ніжне-Омскага, р-на Омскай вобл., Расія), вучоны ў галіне тэхналогіі матэрыялаў. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003; чл.-кар. з 1996), доктар тэхнічных навук (1983), прафесар (1991).
Навуковыя даследаванні ў галіне тэорыі і тэхналогіі хуткаснай тэрмічнай апрацоўкі металічных матэрыялаў, металафізікі хуткапрацякаючых працэсаў. Распрацаваў тэорыю фазавых і структурных ператварэнняў у тытанавых сплавах для ўмоў хуткага і звышхуткага нагрэву, патлумачыў фізічную прыроду працэсаў структурнай перакрышталізацыі, рэкрышталізацыі і распаду метастабільных фаз, распрацаваў канцэпцыю фарміравання гетэрагенных структурных станаў у сплавах пры ўздзеянні інтэнсіўных патокаў энергіі. Навуковыя распрацоўкі з'явіліся асновай для стварэння новых тэхналогій і аўтаматызаванага абсталявання для павярхоўнага і аб'ёмнага термаўмацаванне паўфабрыкатаў і вырабаў з дысперсійна-цвярдзеючых сплаваў, а таксама металічных матэрыялаў, якія працуюць у экстрэмальных умовах.
Аўтар каля 230 навуковых прац, у т.л. 10 манаграфій і кніжных выданняў, 49 вынаходстваў.
Дзяржаўная прэмія БССР 1988 г. за стварэнне тэхналогіі і абсталявання для атрымання бранявых гетэрагенных матэрыялаў і арганізацыю іх буйнасерыйнай вытворчасці для сродкаў індывідуальнай абароны. Прэмія Сібірскага аддзялення РАН і НАН Беларусі імя акадэміка В. А. Капцюга 2006 г. за серыю работ "тэарэтычнае і эксперыментальнае даследаванне, распрацоўка тэхналогій мадыфікацыі матэрыялаў і атрымання злучэнняў з выкарыстаннем канцэнтраваных патокаў энергіі". Прэмія акадэмій навук Украіны, Беларусі, Малдовы 2001 г. за работу "Вывучэнне механізма і кінетыкі фазавых і структурных пераўтварэнняў у нераўнаважных умовах і распрацоўка перспектыўных тэхналогій умацавання сталей і сплаваў".