Любоў Уладзіміраўна Хатылёва (н. 12.03.1928, г. Гомель), генетык. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1980; чл.-кар. з 1972), доктар біялагічных навук (1967), прафесар (1969). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978). Ганаровы доктар Сібірскага аддзялення РАН (2003).
Асноўныя працы прысвечаны праблеме гетэрозісу і прымяненню матэматычных метадаў аналізу камбінацыйнай здольнасці бацькоўскіх форм гетэрозісных гібрыдаў. Правяла даследаванні эфекту гетерозісу пры розных тыпах дзеяння генаў і распрацавала метады ацэнкі камбінацыйнай здольнасці сельскагаспадарчых раслін. Ініцыятар генетычных даследаванняў па анеуплаідыі пшаніц і новай збожжавай культуры – трыцікале. Адзін з аўтараў высокапрадуктыўнага сорту трыцікале "Няміга", суаўтар чатырох гібрыдаў тамату і пяці сартоў перцу салодкага.
Аўтар звыш 500 навуковых прац, у т.л. 28 манаграфій, 18 аўтарскіх пасведчанняў на сарты і вынаходствы, 8 патэнтаў.
Дзяржаўная прэмія БССР 1984 г. за цыкл прац "Генетыка гетэрозісу і шляхі яго выкарыстання ў селекцыі раслін". Прэмія НАН Беларусі 1999 г. за цыкл работ "Распрацоўка прынцыпаў і метадаў экалагічнай селекцыі раслін". Прэмія НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН імя акадэміка В.А.Капцюга 2007 за серыю работ "Рэарганізацыя ядзернага і цытаплазматычнага геномаў пры стварэнні новых формаў злакаў метадамі біятэхналогіі".
Узнагароджана ордэнамі Леніна (1986), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), Францыска Скарыны (1998), медалямі.