Уладзімір Аляксандравіч Хрыпач (н. 02.10.1949, г. Мінск), хімік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2000), доктар хімічных навук (1990), прафесар (1997).
Навуковыя працы ў галіне біяарганічнай хіміі. Правёў даследаванні па хіміі стэроідных гармонаў і роднасных біярэгулятараў. Выявіў клас імунамадулятараў у якасці асновы новых лекавых сродкаў для стымуляцыі імунітэту ў чалавека і сельскагаспадарчых жывёл. Стварыў нітрылаксідную метадалогію атрымання ключавых інтэрмедыятаў стэроідаў і іншых біяактыўных злучэнняў, знайшоў новыя регіё- і стэрэаселектыўныя рэакцыі. Даследаванні гэтага накірунку, што адносяцца да хіміі 2-ізаксазалінаў, адкрылі магчымасць выкарыстання апошніх ў практыцы арганічнага сінтэзу і дазволілі стварыць айчынны аналаг пестыцыду "тачыгарэн" на аснове 3-оксі-5-метылізаксазолу. На аснове аднаго з фітагармонаў створаны прэпарат Эпін, які прайшоў палявыя выпрабаванні і дазволены да прымянення ў сельскай гаспадарцы (прэпарат прымяняецца ў Расіі, Беларусі і Украіне для павышэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур, паляпшэння якасці прадукцыі). Развіў падыходы да сінтэзу іншых класаў прыродных стэроідаў - экдызонаў (гармонаў насякомых), вітамінаў D, марскіх стерынаў, біялагічна актыўных інгрэдыентаў лекавых раслін.
Аўтар больш за 500 навуковых прац, у тым ліку 6 манаграфій, больш за 60 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 1996 г. за сінтэз, даследаванне і прымяненне брасінастэроідаў - новага класа гармонаў раслін.