Барыс Міхайлавіч Хрусталёў (н. 21.07.1947, г. Гомель), вучоны ў галіне машынабудавання. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2009; чл.-кар. з 2004), доктар тэхнічных навук (1998), прафесар (1991). Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь (1995).
Навуковыя працы ў галіне тэорыі аэрадынамікі дысперсных патокаў, метадалогіі праектавання апаратаў і сістэм, якія дазваляюць выкарыстоўваць рэсурсазберагальныя тэхналогіі ачысткі вентыляцыйных выкідаў, метадаў праектавання і разліку сушыльных сістэм, стварэнне неабходнага мікраклімату для жыццядзейнасці чалавека і неабходных параметраў для забеспячэння якаснага правядзення тэхналагічнага працэсу на прадпрыемствах машынабудаўнічай, будаўнічай і іншых галін. Пад яго навуковым кіраўніцтвам створаны высокапрадукцыйныя аўтаматызаваныя сістэмы пнеўматранспарту матэрыялаў, машын і апараты для ачысткі тэхналагічных выкідаў, рэсурсазберагальныя экалагічна чыстыя тэхналогіі ў машынабудаванні і будаўніцтве.
Аўтар больш за 150 навуковых прац, у т.л. 3 манаграфій, 3 падручнікаў, 10 вынаходстваў.