Фёдар Адамовіч Лахвіч (н. 12.04.1945, в. Грабава, Жыткавіцкага р-на, Гомельскай вобл.), хімік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2000; чл.-кар. з 1994), доктар хімічных навук (1987), прафесар(1991).
Навуковыя працы ў галіне хіміі прыродных біялагічна актыўных злучэнняў і іх аналагаў. Распрацаваў арыгінальныя метады сінтэзу нізкамалекулярных біярэгулятараў шэрагу стэроідаў, простагландынаў і роднасных ім прыродных цыклапентаноідаў (дыкраненонаў, язманоідаў), некаторых антыбіётыкаў. Сярод сінтэзаваных злучэнняў у выніку фармакалагічных даследаванняў выяўлены рэчывы з высокай імунамадулюючай, процівапухліннай, антыагрэацыйнай, радыёпратэктарнай і радыесенсібілізуючай актыўнасцю, якія з'яўляюцца перспектыўнымі для стварэння на іх аснове эфектыўных лекавых сродкаў і знаходзяцца на розных стадыях ўкаранення ў медыцынскую практыку. Праводзіць работы па стварэнні экалагічна бяспечных хіміка-біялагічных сродкаў аховы раслін новых пакаленняў на аснове прыродных фітагармонаў - брассінастэроідаў, ферамонаў (кайрамонаў) і ахоўных рэчываў насякомых, а таксама іх аналагаў, якія імітуюць дзеянне прыродных біярэгулятараў або выступаючых у якасці іх антаганістаў; па агульных пытаннях арганічнай хіміі і тонкага арганічнага сінтэзу, у прыватнасці, па хіміі b-дыкарбанільных злучэнняў, азот - і кіслародзмяшчальных гетэрацыклаў; метадалогіі поўнага сінтэзу прыродных злучэнняў на аснове сінтоннага падыходу.
Аўтар больш за 700 навуковых прац, у т. л. 4 манаграфій, 90 вынаходстваў.
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 1996 г. за цыкл прац "Сінтэз, даследаванне і выкарыстанне брасінастэроідаў – новага класа гармонаў раслін". Прэмія НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН ім. акадэміка В.А. Капцюга за цыкл работ "Даследаванне ў галіне сінтэзу нізкамалекулярных біярэгулятараў" і значны ўклад у развіццё навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва навукоўцаў Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН (2000). Прэмія міжнароднай акадэмічнай выдавецкай кампаніі "Навука/Інтэрперыёдыка" 2003 г.
Узнагароджаны ордэнам Пашаны (2009), медалём Францыска Скарыны (1998).