Віталій Вітальевіч Лапа (н. 21.06.1951 г. в. Сугакі, Ваўкавыскага р-на, Гродзенскай вобл.), вучоны ў галіне аграхіміі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з 2014 года, доктар сельскагаспадарчых навук (1995), прафесар (1997). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2011).
Правёў даследаванні па вызначэнні ёмістасці паглынання фасфат-іонаў і калію асноўнымі глебавымі разнавіднасцямі рэспублікі, ацэнцы эфектыўнасці разнастайных форм фосфарутрымальных угнаенняў на дзярнова-падзолістых сугліністых і супясчаных глебах. Распрацаваў метадычныя асновы фарміравання банка даных аграхімічных уласцівасцей глеб Рэспублікі Беларусь, у якім з 1980 года назапашваецца і абагульняецца аграхімічная інфармацыя па ўсіх глебах сельскагаспадарчых угоддзяў.
Унёс вялікі ўклад у развіццё пытанняў захавання і павышэння ўрадлівасці глеб, мінеральнага жыўлення раслін, комплекснага прымянення макра- і мікраўгнаенняў, рэгулятараў росту і сродкаў хімічнай ахова раслін, сістэмы прымянення ўгнаенняў пад сельскагаспадарчыя культуры, павышэння эфектыўнасці выкарыстання ўгнаенняў і аптымізацыі іх асартыменту. Ім распрацавана рэсурсазберагальная сістэма прымянення ўгнаенняў, заснаваная на прынцыпах падтрымання і павышэння ўрадлівасці глеб і камп’ютарны варыянт па разліку планаў прымянення ўгнаенняў па палях і рабочых участках на плануемую ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур для гаспадарак Рэспублікі Беларусь.
Распрацаваў шэраг новых формаў комплексных угнаенняў са збалансаванымі суадносінамі элементаў жыўлення для ільну і цукровых буракоў, а таксама шэрагу вадкіх комплексных мікраўгнаенняў на хелатнай аснове для пазакаранёвых падкормак сельскагаспадарчых культур.
Унёс вялікі ўклад ва ўдасканальванне аграхімічнага абслугоўвання сельскай гаспадаркі. За перыяд навуковай дзейнасці ім распрацавана ў сістэме Аграхімічнай службы рэспублікі больш за 120 рэкамендацый, методык і інструкцый па пытаннях захавання і павышэння ўрадлівасці глеб, эфектыўным выкарыстанні сродкаў хімізацыі.
Аўтар звыш 580 асноўных навуковых прац, у т.л. 8 манаграфій, 14 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў і 44 патэнтаў і аўтарскіх пасведчанняў на вынаходствы.
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (2002) за цыкл прац "Стварэнне комплексу вучэбнай літаратуры па аграхіміі для вышэйшых і сярэдніх спецыяльных сельскагаспадарчых вучэбных устаноў".
Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны (2002).