Анатолій Георгіевіч Лабанок (н. 18.06.1938, Мінск), мікрабіёлаг. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1991; чл.-кар. з 1984), доктар біялагічных навук (1978), прафесар (1983). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1998).
Асноўныя працы звязаны з даследаваннем пазаклетачных мікробных ферментаў, фізіялогіі і біяхіміі мікробнага антаганізму, дэградацыі ксенабіётыкаў. Ім растлумачаны механізм рэгуляцыі ўтварэння мікробных дэпалімераз пры адсутнасці ў асяроддзі спецыфічнага індуктара. Вывучаны поліферментныя сістэмы мікраарганізмаў з малекулярна-функцыянальнай гетэрагеннасцю і сінергічным эфектам дзеяння. Распрацаваны біятэхналогіі атрымання ферментных прэпаратаў для прамысловасці, сельскай гаспадаркі і медыцыны. Ініцыяваў развіццё перспектыўных для рэспублікі навуковых напрамкаў у галіне мікробных біятэхналогій, у т.л. стварэння біялагічных сродкаў аховы раслін, экалогіі мікраарганізмаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама стварэнне Беларускай калекцыі непатагенных мікраарганізмаў са статусам міжнароднага дэпазітарыя.
Аўтар 400 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфій, 65 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.
Прэмія акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы 2000 г. за работу "Падрыхтоўка і апублікаванне Каталогаў Украінскай і Беларускай (Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі) калекцый культур мікраарганізмаў".
Узнагароджаны Сярэбраным медалём ЮНЕСКА (1993).