Уладзімір Фёдаравіч Логінаў (н. 08.03.1940), в. Зеляноўка, Гарадоцкага р-на, Віцебскай вобл.), вучоны ў галіне геаграфіі і геаэкалогіі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2000; чл.-кар. з 1994), доктар геаграфічных навук (1982), прафесар (1989).
Навуковыя працы ў галіне дыягназу і прагнозу змянення клімату. Устанавіў прасторава-часавыя заканамернасці змянення клімату і экстрэмальных кліматычных з’яў (засух, паводак) пад уплывам натуральных і антрапагенных фактараў. Прапанаваў найбольш поўныя ацэнкі ўплыву аэразолей вулканічнага і антрапагеннага паходжання на сонечную радыяцыю і клімат, распрацаваў сцэнарыі змянення клімату Беларусі і ацаніў іх вынікі ў разнастайных сферах гаспадарчай дзейнасці. Кіраваў стварэннем сістэмы інфармавання дзяржаўных органаў і насельніцтва аб стане прыроднага асяроддзя Беларусі і яго змяненнях.
Аўтар 420 навуковых прац, у тым ліку 20 манаграфій, брашур, даведнікаў, вучэбных дапаможнікаў.
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 2002 г. за цыкл работ па дыягностыцы стану прыроднага асяроддзя на аснове аэракасмічных, лідарных, наземных і хіміка-аналітычных метадаў і сродкаў: даследаванні, распрацоўкі, укараненні. Прэмія НАН Беларусі 1997 і 2007 гг.
Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2009).