Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец (н. 23.11.1954, в. Жураўцы, Валожынскага р-на, Мінскай вобл.), мовавед. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2017), член-карэспандэнт (2009) по спецыяльнасці "беларуская мова", доктар філалагічных навук (2001), прафесар (2003).
Працы па беларускім і славянскім словаўтварэнні, праблемах беларуска-рускага двухмоўя і сацыялінгвістыцы, праблемах сучаснага развіцця і функцыянавання беларускай мовы і беларускай арфаграфіі. Стварыў новы навуковы напрамак у беларускім мовазнаўстве - распрацаваў тэарэтычныя асновы і ажыццявіў практычнае апісанне сістэмы беларускага словаўтварэння з пазіцый граматычных параметраў матываванага і матывавальнага слоў. З'яўляецца суаўтарам першага ў беларускай лексікаграфіі "Словаўтваральнага слоўніка беларускай мовы". Раскрыў заканамернасці інавацыйных змен у лексіцы і словаўтварэнні беларускай мовы канца ХХ - пачатку ХХІ стст. і даследаваў на шырокім славянскім фоне асаблівасці развіцця слоўнікавага складу беларускай мовы з пазіцый тэндэнцый да інтэрнацыяналізацыі і нацыяналізацыі. Даследаваў праблемы беларуска-рускага двухмоўя і ўзаемадзеяння моў, раскрыў прававыя, лінгвістычныя, сацыялінгвістычныя, палітычныя, псіхалінгвістычныя і прагматычныя аспекты функцыянавання беларускай мовы ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя. Адзін з асноўных распрацоўшчыкаў Закона Рэспублікі Беларусь "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" (2008), аўтар і суаўтар шэрагу практычных дапаможнікаў і даведнікаў па беларускай арфаграфіі, навуковы рэдактар шэрагу сучасных арфаграфічных слоўнікаў беларускай мовы, а таксама двухмоўных беларуска-рускіх і руска-беларусіх слоўнікаў, падрыхтаваных у адпаведнасці з Законам.
Аўтар больш 300 навуковых прац, у тым ліку 12 манаграфій, 4 слоўнікаў.
Лаўрэат прэмій Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 2001 і 2011 гг.