Анатолій Аляксандравіч Махнач (н. 13.07.1951, Масква), геолаг. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003; чл.-кар. з 1994), доктар геолага-мінералагічных навук (1990), прафесар (2001).
Развіў літагідрагеахімічны напрамак у тэорыі літагенезу, распрацаваў гідрагеалагічную канцэпцыю катагенезу асадкавых парод, даў усебаковае апісанне пераўтварэнняў поліфацыяльных адкладанняў у гідрагеахімічным асяроддзі, звязаным з эвапарытамі, паглыбіў уяўленні пра паводзіны стабільных ізатопаў вугляроду, кіслароду і серы ў працэсе галагенезу. Вывучае геалагічную будову тэрыторыі Беларусі: ахарактарызаваў катагенетычныя змены міжсолевых і падсолевых адкладанняў дэвона, карбанатныя і крэмневыя канкрэцыі дэвонскай і мелавай тоўшчаў, заклаў асновы вывучэння геахіміі стабільных ізатопаў у рэгіёне, удзельнічаў у рашэнні пытанняў, звязаных з праблемай асваення ёдабромных расолаў, пошукамі і разведкай нафты, рэдкіх і расеяных элементаў.
Аўтар каля 200 навуковых прац, у т.л. 14 манаграфій.
Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980 г. за цыкл прац "Літагенез і гідрагеахімія дэвонскіх адкладанняў Прыпяцкага нафтаноснага басейна (у сувязі з пошукамі радовішчаў нафты і ацэнкай перспектыў народнагаспадарчага выкарыстання ёда-бромных расолаў)". Прэмія НАН Беларусі 1993 г. за манаграфію "Катагенез і падземныя воды".