Аляксандр Аляксандравіч Міхалевіч (н. 20.09.1938, г.Віцебск), вучоны ў галіне цеплаабмену, агульнай і ядзернай энергетыкі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2000; ч.-кар. з 1986), доктар тэхнічных навук (1976), прафесар (1978).
Тэарэтычна даследаваў механізм цепла- і масапераносу пры кандэнсацыі рэагуючага газу, вывучаў сістэмы ахалоджвання атамных і цеплавых электрастанцый, эфектыўнасць цеплаперадачы ў цеплаабменных апаратах пры наяўнасці хімічных рэакцый у цепланосьбіце. У 1992 – 1996 гг. прымаў удзел у распрацоўцы "Энергетычнай праграмы", Дзяржаўнай праграмы развіцця ядзернай энергетыкі, рэспубліканскай праграмы "Энергазберажэння" і Асноўных напрамкаў энергетычнай палітыкі Рэспублікі Беларусь. У 2003 – 2007 гг. прымаў удзел у распрацоўцы Канцэпцыі энергетычнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнай комплекснай праграмы мадэрнізацыі асноўных вытворчых фондаў беларускай энергетычнай сістэмы, энергаашчаджэння і павелічэння долі выкарыстання ў краіне ўласных паліўна-энергетычных рэсурсаў у 2006 – 2010 гг., Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3.
Аўтар звыш 250 навуковых прац, у т.л. 8 манаграфій, 4 вучэбных дапаможнікаў, 20 вынаходстваў.
Прэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі імя акадэміка А.В.Лыкава 2005 года за цыкл прац "Цепла- і масаперанос ў неаднародных асяроддзях з улікам гідрадынамікі, фазавых і хімічных пераўтварэнняў". Прэмія акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы 2011 г. за работу "Развіццё метадалогіі і маніторынг энергетычнай бяспекі Малдовы і Беларусі".
Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2008).