Аляксандр Генадзьевіч Мрочак (н. 14.05.1953, г.Мінск), вучоны ў галіне тэрапеўтычнай кардыялогіі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2009; чл.-кар. з 2004), доктар медыцынскіх навук (1987), прафесар (1989).
Асноўныя напрамкі прыкладных даследаванняў – вывучэнне патагенезу, распрацоўка і тэарэтычнае абгрунтаванне метадаў лячэння каранарнай хваробы сэрца і парушэння сардэчнага рытму. Абгрунтаваны і рэалізаваны арыгінальны падыход да праблемы стану першаснага гемастазу пры атэрасклерозе і яго ўскладненнях, які ўключае ўстанаўленне ролі цэнтральных і перыферычных гармонаў у рэгуляцыі цыклааксігеназнай актыўнасці трамбацытаў і клетак эндатэлія сасудзістай сценкі. Распрацаваны метады ранняй дыягностыкі каранарнай хваробы сэрца пры цукровым дыябеце і захворваннях шчытавіднай залозы. Устаноўлены карысныя эфекты ўздзеяння гальванічнага току і ультрагуку на інфарктную зону, што дазволіла распрацаваць метады лячэння стэнакардыі і інфаркту міякарда. Вядуцца работы па вывучэнні эфектаў ультрагуку на атэрасклератычныя пашкоджанні сасудаў і трамбатычныя масы. Выяўлена з’ява паскарэння працэсаў трамбалізісу, выяўлены змены актыўнасці пратэоліза ва ўмовах дзеяння ультрагуку, распрацаваны і ўкаранёны ў практыку методыкі аднаўлення крывацёку ў сасудах.
Аўтар звыш 350 навуковых прац, у т.л. 7 манаграфій, 28 патэнтаў і аўтарскіх пасведчанняў на вынаходствы.
Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2012).