Мікалай Канстанцінавіч Мышкін (н. 12.05.1948, г.Іванава, Расія), вучоны ў галіне матэрыялазнаўства і трыбатэхнікі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2009; чл.-кар. з 2004), доктар тэхнічных навук (1985), прафесар (1991).
Асноўным напрамкам навуковай дзейнасці з’яўляецца аналіз тапаграфіі і механічных уласцівасцей паверхневых слаёў, механіка і электрафізіка кантакту цвёрдых цел, дыягностыка зношвання машын, навуковае прыборабудаванне для аналізу паверхневых слаёў і кантактных узаемаадносін на мікра- і нанаўзроўні. Распрацаваў новыя матэрыялы і змазкі для вузлоў трэння, прыборы для дыягностыкі зношвання машын, атамна-сілавыя мікраскопы, адгезіометры, трыбометры і мікратрыбометры.
Аўтар звыш 200 работ, у тым ліку 12 манаграфій, больш за 50 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў, у т.л. больш за 20 замежных.
Прэмія Ленінскага камсамола ў галіне навукі і тэхнікі 1982 г. Прэмія Акадэміі навук Беларусі за лепшую навуковую працу 1993 г. Прэмія Урада Расійскай Федэрацыі ў галіне навукі і тэхнікі 2004 г. Прэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 2011 г.