Міхаіл Яфімавіч Нікіфараў (н. 21.01.1956, в. Наваельня, Дзятлаўскі р-н, Гродзенская вобл.), біёлаг, заолаг, эколаг. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2014; чл.-кар. з 2009), доктар біялагічных навук (2006), прафесар (2007). Ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Навуковыя даследаванні ў галіне заалогіі, у тым ліку малекулярна-генетычнага профілю, арніталогіі, заа- і філагеаграфіі, экалогіі, аховы прыроды і рацыянальнага выкарыстання біялагічных рэсурсаў. Асноўныя напрамкі даследаванняў: уплыў прыродных і антрапагенных фактараў, уключаючы наступствы аварыі на ЧАЭС, на стан фаўністычных комплексаў і дынаміку біялагічнай разнастайнасці; вывучэнне структуры і дынамікі арнітафаўны, міграцый і тэрытарыяльных агрэгацый птушак на працягу галацэну і на сучасным этапе; генетычная структура папуляцый відаў пазваночных жывёл у арэале і малекулярна-генетычныя аспекты фаўнагенезу Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў галацэне.
Апісаны заканамернасці і мадэлі рассялення папуляцый птушак цэнтральнай Еўропы і Беларусі на пазнейшых этапах ледніковага перыяду і пасля яго завяршэння. Абгрунтавана лакалізацыя сістэмы рэфугіумаў і рэфугіяльных зон Еўропы, якія абумовілі ледніковую ізаляцыю і марфалагічную дыферэнцыяцыю папуляцый птушак і далі пачатак іх рассяленню пасля завяршэння абледзянення. Выканана шырокая серыя работ па выяўленні фактараў, якія вызначаюць змяненне колькасці відаў птушак у сучасных умовах, як аснова для распрацоўкі міжнародных і нацыянальных планаў дзеянняў па захаванні глабальна пагражальных відаў, прапанаваны меры па зніжэнні негатыўнага ўплыву праблемных відаў птушак. Распрацаваны навуковыя асновы і практычныя меры па захаванні і ўстойлівым выкарыстанні біяразнастайнасці жывёльнага свету і экасістэм, фарміраванні нацыянальнай экалагічнай сеткі і інтэграцыі яе ў агульнаеўрапейскую экасетку.
Арганізатар і кіраўнік новага напрамку ў развіцці беларускай заалагічнай навукі - малекулярнай заалогіі. Пры яго непасрэдным садзейнічанні сфарміраваны і актыўна выкарыстоўваецца генетычны банк дзікай фаўны. Стварыў нацыянальны цэнтр кальцавання і вывучэння міграцый птушак, які ўваходзіць у еўрапейскую сістэму цэнтраў кальцавання.
Навуковыя вынікі і матэрыялы выкарыстаны пры падрыхтоўцы розных выданняў Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь, адлюстраваны ў адпаведных раздзелах Нацыянальнага атласа Рэспублікі Беларусь, прыменены пры падрыхтоўцы прагнозаў і нацыянальных дакладаў аб стане навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, у распрацоўках рэспубліканскай Схемы развіцця асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, канцэпцыі і схемы фарміравання Нацыянальнай экалагічнай сеткі і інтэграцыі яе ў агульнаеўрапейскую экалагічную сетку.
Арганізатар Беларускага арніталагічнага таварыства, з 1998 па 2004 гг. прэзідэнт грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны", якая з’яўляецца прадстаўніком "BirdLife International" у Беларусі. Старшыня Беларускай арніта-фаўністычнай камісіі. Старшыня рэдакцыйнай калегіі часопіса "Весці НАН Беларусі, серыя біялагічных навук", старшыня секцыі АБН Навуковага савета БРФФД, член рэдакцыйна-выдавецкай камісіі НАН Беларусі. Уваходзіць у склад рэдкалегіі навуковага арніталагічнага бюлетэня "Subbuteo", міжведамаснага бюлетэня "Прыродныя рэсурсы", часопіса "Лясная і паляўнічая гаспадарка".
Аўтар больш за 200 навуковых прац, у тым ліку 10 манаграфій, 1 аўтарскае пасведчанне, 4 патэнты на вынаходствы.
Падрыхтаваў 8 кандыдатаў біялагічных навук. За поспехі ў прафесійнай і навукова-арганізацыйнай дзейнасці шматразова ўзнагароджаны ганаровымі граматамі профільных міністэрстваў, Прэзідыума НАН Беларусі, Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.