Валянцін Антонавіч Арловіч (н. 02.01.1947, в. Краснае, Маладзечанскага р-на, Мінскай вобл.), фізік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003; чл.-кар. З 2000), доктар фізіка-матэматычных навук (1990), прафесар (1993).
Навуковыя працы ў галіне лазернай фізікі, нелінейнай оптыкі, спектраскапіі, фотафізікі і фотабіялогіі, лазерна-аптычнага прыборабудавання. Выканаў даследаванні вымушанага камбінацыйнага рассейвання (ВКР), канкурэнцыі нелінейна-аптычных эфектаў у разнастайных асяроддзях, макраскапічных праяўленняў квантавых шумоў у флуктуацыях выпраменьвання ВКР. Выявіў і вывучыў узнікненне новых тыпаў ВКР-салітонаў, генерацыю выпраменьвання з супергаўсавай статыстыкай, павелічэнне спектральнага кантрасту і ўзнікненне імпульсных нестабільнасцей пры ВКР. Атрымаў ВКР-пераўтварэнне частаты выпраменьвання мікрачыпі мінілазераў бесперапыннай дыёднай накачкай, бесперапынных і фемтасекундных лазераў у крышталёвых асяроддзях, што адкрыла перспектывы для пабудовы і практычнага выкарыстання поўнасцю цвёрдацелых ВКР-пераўтваральнікаў. Распрацаваў метады нелінейнай спектраскапіі нана-фемтасекунднага часавага вырашэння, стварыў спектрометры кагерэнтнага і спантанага камбінацыйнага рассейвання, з дапамогай якіх даследаваў эфекты ва ўзаемадзеянні металапарфірынаў з растваральнікамі, ДНК і ДНК-мадэліруючымі злучэннямі. Прапанаваў высокаэфектыўныя схемы рэзанатараў для лазераў разнастайных тыпаў, на іх аснове стварыў частотны АІГ:Nd-лазер з высокімі магутнаснымі параметрамі, лазерны комплекс, які забяспечвае генерацыю лазернага выпраменьвання, якое бесперапынна перабудоўваецца ў межах 0,26-8,1 мкм; эфектыўныя крыніцы бяспечнага для зроку выпраменьвання і параметрычныя генератары святла; поўнасцю цвердацелы вузкапалосны лазер, які перабудоўваецца ў межах 188-1800 нм; разнастайныя тыпы ВКР-пераўтваральнікаў.
Аўтар каля 500 навуковых прац, 9 вынаходстваў.
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 2000 г. за даследаванне нелінейна-аптычных з’яў і стварэнне на гэтай аснове новых высокаэфектыўных крыніц лазернага выпраменьвання. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978 за даследаванне працэсаў пераўтварэння лазернага выпраменьвання і распрацоўку на яго аснове крыніц магутнага кагерэнтнага святла з плаўнай перабудовай частаты ў бачным, ультрафіялетавым і інфрачырвоным дыяпазонах.
Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2007).