Віктар Іванавіч Парфёнаў (н.23.09.1934, в. Прудкі, Смаленскай вобл., Расія), батанік, эколаг. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1986; чл.-кар. з 1980), доктар біялагічных навук (1975), прафесар (1988). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2000). Удзельнік ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Асноўныя працы па фларыстыцы, фітагеаграфіі, геабатаніцы, экалогіі, сістэматыцы і эвалюцыі раслін. Стварыў сучасную беларускую фларыстычную школу. Устанавіў заканамернасці фарміравання росту і прадуктыўнасці фітацэнозаў, асаблівасці біялогіі відаў і папуляцый раслін у аптымальных і экстрэмальных умовах. Упершыню тэарэтычна і эксперыментальна абгрунтаваў і вырашыў праблему віду раслін на межах арэала. Правёў біясістэматычнае вывучэнне асобных відаў і родаў беларускай флоры, даследаваў заканамернасці сучасных антрапагенных змяненняў флоры і расліннасці. Распрацаваў тэарэтычныя і практычныя асновы аховы біяразнастайнасці расліннага свету рэспублікі і арганізацыі сістэмы запаведных аб’ектаў. Ім прапанаваны прынцыпы экалагічна аптымальнага кампанента натуральных, парушаных і пераўтвораных экасістэм, абгрунтаваны новыя тэарэтычныя падыходы ў эвалюцыі вышэйшых раслін, даследаваны заканамернасці міграцыі радыенуклідаў у прыродна-раслінных комплексах.
Аўтар больш за 350 навуковых прац, у т.л. 38 манаграфій.
Дзяржаўная прэмія БССР 1972 г. за цыкл работ па вывучэнні расліннасці Беларусі.
Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў (1981), медалём Францыска Скарыны (2009), Залатым медалём Еўрапейскай навукова-прамысловай палаты (Бельгія, Брусель) (2013), Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2014).