Алег Глебавіч Пенязькоў (н. 03.01.1961, г. Мінск), цеплафізік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2014, чл.-кар. з 2009), доктар фізіка-матэматычных навук (2004).
Навуковыя працы ў галіне высокатэмпературнай цеплафізікі, газавай дынамікі, фізікі гарэння і выбуху. Атрымаў прынцыпова новыя вынікі аб эвалюцыі структуры дэтанацыйных хваль у газах, сфармуляваў крытэрыі меж дэтанацыі і дэфлаграцыі ў трубах. Усталяваў рэжымы і механізмы распаўсюджвання хуткага гарэння ў гетэрагенных сістэмах, рэжымы і крытычныя ўмовы ўзгарання газаў пры сутыкненнях ударных хваль. Вызначыў кінетычныя характарыстыкі высокатэмпературнага акіслення і раскладання газападобных і вадкіх паліваў. Распрацаваў арыгінальныя метады дыягностыкі хуткацечных працэсаў, у тым ліку ў турбулентных патоках і нізкатэмпературнай плазме. Вынікі даследаванняў маюць вялікае значэнне для развіцця тэарэтычных уяўленняў аб нераўназначных працэсах у хімічна рэагуючых неаднародных патоках, вырашэння практычных праблем стварэння прамадакладных звышгукавых, дэтанацыйных рухавікоў, рухавікоў унутранага згарання, гарэлачных прылад, у галіне пажарнай і выбуховай бяспекі.
Пенязькоў А.Г. з’яўляецца членам Міжнароднага інстытута Гарэння, Міжнароднага інстытута Ударных Хваль, Міжнароднага Цэнтра па цепла- і масаабмене, Савета дырэктароў міжнароднага Інстытута Дынамікі Выбухаў і Рэагуючых Сістэм.
Аўтар больш за 270 навуковых прац, у тым ліку 6 манаграфій (у тым ліку главы ў калектыўных манаграфіях), 8 патэнтаў.
Прэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук імя акадэміка В.А.Капцюга (2009) за цыкл прац "Фізіка-матэматычнае апісанне ўзгарання і гарэння ў гамагенных, гетэрагенных і порыстых асяроддзях: тэорыя, эксперымент, дыягностыка". Прэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі імя акадэміка А.В. Лыкава (2012) за цыкл работ "Тэарэтычныя і эксперыментальныя даследаванні радыяцыйна-газадынамічных працэсаў пры імпульсным уздзеянні на рэчыва".
Медаль "За заслугі" Федэрацыі касманаўтыкі Расіі (2014). Медаль імя праф. Тсуошы Асанумы японскага грамадства візуалізацыі (2016) за прызнанне выдатных дасягненняў у галіне візуалізацыі цячэнняў.