Уладзімір Мікалаевіч Рашэтнікаў (н. 06.01.1938, в.Халопенічы, Глускага р-на, Магілёўскай вобл.), біёлаг. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2000; чл.-кар. з 1991), доктар біялагічных навук (1987), прафесар (1992). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2008).
Навуковыя працы ў галіне біяхіміі і фізіялогіі раслін. Правёў даследаванні ў галіне саставу, структуры і функцыянальнай актыўнасці ўнутрыклетачных арганел, біясінтэтычных сістэм расліннай клеткі. Вызначыў спецыфічнасць пластыд пры поліплаідызацыі клетачнага ядра, прапанаваў гіпотэзу фізіёлага-біяхімічнага ўзаемадзеяння ядзер і пластыд пры дыферэнцыяцыі ткані і ў антагенезе расліны. Паказаў віда- і сортаспецыфічнасць бялкоў бульбы і асобных ферментных сістэм трыцікале. Правёў біяхімічнае вывучэнне трансгенных раслін. Унёс уклад у вывучэнне і вызначэнне шляхоў выкарыстання запасных і біялагічна актыўных рэчываў раслін у харчовай прамысловасці, укараненне распрацаваных тэхналогій у вытворчасць.
Аўтар больш за 400 навуковых прац, у т.л. 11 манаграфій, 2 аўтарскіх пасведчанні, 12 патэнтаў.
Узнагароджаны медалямі.