Анатолій Мікалаевіч Рубінаў (н. 15.04.1939, г. Магілёў), фізік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1991; чл.-кар. з 1984), доктар фізіка-матэматычных навук (1973), прафесар (1980). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980).
Працы ў галіне лазернай фізікі і спектраскапіі складаных арганічных злучэнняў. Распрацаваў новыя метады вывучэння спектраскапіі ўзбуджаных станаў лазерных асяроддзяў, лазеры на растворах арганічных злучэнняў. Даследаваў залежнасць спектра флуарэсцэнцыі раствораў ад частаты ўзбуджальнага святла (з’ява батахромнай люмінесцэнцыі), развіў метады ўнутрырэзанатарнай лазернай спектраскапіі, стварыў перабудоўваемыя па спектры лазеры з размеркаванай адваротнай сувяззю. Распрацаваў навуковыя асновы нерэзананснага ўзаемадзеяння лазернага выпраменьвання з біялагічнымі аб’ектамі.
Аўтар звыш 300 навуковых прац, у т.л. 4 манаграфій, 65 вынаходстваў.
Дзяржаўная прэмія СССР 1972 г. за цыкл работ па даследаванні з’явы аптычнай генерацыі ў растворах складаных арганічных злучэнняў і стварэнні на іх аснове новага тыпу лазераў з плаўна перабудоўваемай частатой выпраменьвання ў шырокай зоне спектра. Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 1994 г. за цыкл прац "Флуктуацыі мікраструктуры і фотафізіка раствораў складаных арганічных злучэнняў".
Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны (2000).