Іван Паўлавіч Шэйко (н. 10.02.1948, в. Шэйкі, Клецкага р-на, Мінскай вобл.), вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003), акадэмік Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь (1996-2002), замежны член Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук (1999). Доктар сельскагаспадарчых навук (1987), прафесар (1991). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1998).
Навуковыя працы ў галіне развядзення, селекцыі, генетыкі і ўзнаўлення сельскагаспадарчых жывёл. Выканаў асноўныя работы па стварэнні і асваенні тэхналогій вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі жывёлаводства на аснове ўдасканальвання існуючых і стварэння новых парод, тыпаў, ліній, гібрыдаў, кросаў, метадаў узнаўлення, сістэм кармлення і ўтрымання. Распрацаваў тэарэтычныя, метадычныя і практычныя праблемы павышэння прадуктыўных якасцей сельскагаспадарчых жывёл. На аснове комплексных даследаванняў па развядзенні, селекцыі і ўзнаўленні жывёл, мадэляванні селекцыйнага працэсу, эканамічнага аналізу прапанаваў тэарэтычнае абагульненне асаблівасцей селекцыйнага працэсу пры вывядзенні спецыялізаваных тыпаў, ліній і парод свіней з селекцыяй на спалучальнасць. Пры яго непасрэдным удзеле выведзена і апрабавана беларуская мясная парода свіней, беларуская чорна-пярэстая парода буйной рагатай жывёлы і беларуская запражная парода коней. Распрацаваў тэхналогію атрымання высокапрадуктыўных гібрыдаў і кросаў свіней.
Аўтар звыш 480 работ, у т.л. 9 манаграфій і 10 кніг, 44 патэнтаў на вынаходствы.