Дзмітрый Іванавіч Шыраканаў (н. 20.05.1929, в. Галкі, Брагінскага р-на, Гомельскай вобл.), філосаф. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1989; чл.-кар. з 1974), доктар філасофскіх навук (1972), прафесар (1974).
Навуковыя працы ў галіне дыялектыкі, логікі і метадалогіі навуковага пазнання, філасофскіх пытанняў прыродазнаўства. Даследуе пытанні ўзаемасувязі катэгорый логікі і іх ролі ў развіцці пазнання, у пабудове навуковай тэорыі, у руху навуковых ведаў да больш глыбокага ўзроўню адэкватнасці ў адлюстраванні рэчаіснасці. Унёс уклад у распрацоўку дыялектычнай канцэпцыі паняцця, тэарэтычнага мыслення ў цэлым, даў разгорнутую карціну сутнасці асобных паняццяў у сістэме іх узаемасувязей. Даследаваў гісторыю філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі. Адзін з аўтараў працы "Гісторыя філасофіі" (тт.4-5. М., 1959-1961).
Аўтар звыш 130 навуковых прац, у т.л. 4 індывідуальных і 15 калектыўных манаграфій.
Прэмія акадэмій Украіны, Беларусі і Малдовы 2010 г.
Узнагароджаны ордэнамі "Знак Пашаны" (1967), Францыска Скарыны (1999), медалямі.